Больш за год таму ў Гродне на некаторых прыпынках з’явіўся электронны расклад. Нядаўна там, дзе ёсць электроннае табло, пачалі прыбіраць звычайныя металічныя шыльды з раскладам. Гэта было зроблена для эксперыменту паводле рашэння заказчыка, то бок гарвыканкама, расказалі ў прадпрыемстве «Аператар пасажырскіх перавозак».
— Вось яны [гарвыканкам — рэд.] прынялі рашэнне: там, дзе электроннае табло, прыбраць расклад руху. Цяпер мы вывучаем рэакцыю грамадзян на гэтае новаўвядзенне і, адпаведна, потым даводзім да ведама гарвыканкама, — распавядае начальнік аддзела арганізацыі перавозак Вадзім Васільеў.
Паводле яго слоў, ужо ёсць каля 15 зваротаў з просьбай вярнуць стары расклад. У асноўным гэта людзі старэйшага ўзросту. Вадзім кажа, што калі людзей не задавальняе, то яны будуць даводзіць гэта да заказчыка. І вырашаць пытанне аб вяртанні старога раскладу, але ў больш чытэльнай і эстэтычнай форме.
Новыя расклады будуць прыгожыя — каваныя
Пакуль у Гродне ёсць дзесяць прыпынкаў з электронным табло. Звычайны расклад знялі не на ўсіх: напрыклад, на прыпынку «Плошча Савецкая» яго няма, а на прыпынку «Аўтавакзал» не здымалі, таму што прыезджым зручней стары расклад, не ўсе разбіраюцца ў электронным.
У цэнтры горада плануюць замяніць расклад на больш эстэтычны, каваны. Першы такі расклад з’явіцца на прыпынку «Заапарк». Яго ўжо вырабляюць. Магчыма, ён з’явіцца ўжо на гэтым тыдні. Такі ж з’явіцца на Савецкай і ў месцах, дзе часцей за ўсё гуляюць турысты.