Бясплатныя курсы беларускай мовы „Мова Нанова” абвясцілі конкурс да Дня роднай мовы. Для ўдзелу трэба даслаць гісторыю пра сябе.
“Арганізоўваеш стэнд-ап па-беларуску? Перакладаеш абвесткі для грамадскага транспарту? Дзякуючы табе ёсць шыльда слыннаму беларусу ў тваім горадзе? Адстойваеш беларускамоўны клас для дзяцей? Прымаеш пацыентаў у паліклініцы па-беларуску? – Спіс бясконцы, як і вашы магчымасці!”, – перакананыя арганізатары.
– Мы заахвочваем расказаць пра свой паспяховы ўнёсак у прасоўванне беларускай мовы, культуры. Гэта можа быць што заўгодна. Калі вы размаўляеце па-беларуску, альбо калі вы штосьці арганізоўваеце, калі вы заахвочваеце сяброў і знаёмых размаўляць па-беларуску, то мы запрашаем да ўдзелу. Трэба апісаць гэтую гісторыю, даслаць на нашую старонку ў сацсетках, і потым будзем абіраць пераможцаў галасаваннем. А пераможцы атрымаюць стол ад майстроў „Arttables” і дзень у аграсядзібе Евы Гілевіч, – патлумачыла вядоўца курсаў “Мова Нанова Гародня” Эмілія Гаўрус.
Да ўдзелу ў курсах запрашаюць ўсіх ахвотныя, а адправіць тэкст ці відэаролік з гісторыяй можна да 15 лютага 2020 года. Удзельнік з найлепшай гісторыяй з кожнага горада атрымае адмысловы прыз ад мясцовай каманды выкладчыкаў. Прыз за 1 месца па Беларусі – хэнд-мэйд стол з дрэва і дзень на аграсядзібе “Пяскі” гаспадыні Евы Гілевіч.




