У Беларусі, імаверна, затрымалі кіраўнікоў усіх буйных цукровых камбінатаў Беларусі. «Радыё С**бода» паглядзела, ці эфэктыўна яны працуюць.

Інфармацыя пра затрыманне дырэктара Гарадзейскага цукровага камбінату Міхаіла Крыштаповіча з’явілася ў суботу 24 студзеня. Як мяркуецца, ён быў адным з дваіх пасажыраў рэйсу «Белавія» з Менску ў Мюнхен, якіх знялі з самалёта ў Горадні. Разам з Крыштаповічам у самалёце быў таксама ягоны калега, дырэктар Слуцкага цукровага заводу Мікалай Пруднік. Нібыта таго таксама затрымалі. Няма на працоўным месцы ў панядзелак і дырэктара цукровай фабрыкі ў Жабінцы Віктара Міронава. Пра ягонае затрыманне паведамляюць мясцовыя СМІ. Кіраўніка цукровага заводу ў Скідалі Дзмітрыя Ягорава таксама ў панядзелак на працоўным месцы не аказалася.

Страты 16,8 мільёна, даўгі на 217 мільёнаў

Гарадзейскі цукровы камбінат, згодна са справаздачай за 2018 год, у «чыстых стратах» на 26,7 мільёна рублёў. На 20 мільёнаў зменшыўся і ўласны капітал прадпрыемства. Гэта відаць са справаздачы на сайце portal.gov.by.

Скідзельскі цукровы камбінат за 2018 год мае чыстыя страты на 10 мільёнаў рублёў, а за 2017 год меў іх на 18 мільёнаў. Мае да таго ж на 122 мільёны крэдытаў.

Паводле «Эканамічнай газеты», Жабінкаўскі цукровы завод 2018 год завяршыў са стратамі ў 16,8 мільёна пры даўгах у 217 мільёнаў.

І толькі Слуцкі цукроварафінадны камбінат у 2018 годзе спрацаваў у плюс — на 15 мільёнаў рублёў.

Што адбываецца з беларускім цукрам

Са студзеня па лістапад мінулага году Беларусь экспартавала 252 тысячы тонаў цукру на 102 мільёны долараў, паведамляе Белстат. У 2018 годзе за такі ж перыяд на экспарце цукру Беларусь зарабіла на 62 мільёны долараў больш. У параўнанні з 2018 годам найбольш прасеў экспарт цукру ў Расею — у 1,3 раза. Знізілася і экспартная цана на цукар, пра што эксперты казалі яшчэ ў 2018 годзе.

Тады на рынку ЭАЭС назіралася перавытворчасць цукру, што справакавала рэзкае зніжэнне цэнаў на яго. Найбольшая перавытворчасць цукру была ў Расеі. Таму танны расейскі цукар для беларускіх крамаў стаў выгаднейшым за беларускі.

Тры з чатырох цукровых камбінатаў, на якіх нібыта затрымалі кіраўнікоў, працуюць са стратамі

Са студзеня па лістапад 2019 году Беларусь завезла з цукру на 31,5 мільёна долраў. 93% - з Расеі. У параўнанні з такім жа перыядам у 2018 годзе Беларусь завезла цукру на 19 тысяч тон болей.

Мяркуючы па статыстыцы, цяпер пастаўкі цукру на вонкавы рынак упалі яшчэ болей.

Яшчэ адна праблема для беларускага цукру — гэта закупачныя цэны на сыравіну, цукровыя буракі. Калі ў Расеі гэтыя цэны вызначаюцца згодна з рыначным механізмам, то ў Беларусі яны вызначаюцца дзяржавай, якая такім чынам падтрымлівае вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі.

Раней у праблемах цукровай галіны Беларусі Лукашэнка вінаваціў расейскага бізнесоўца Аляксандра Ткачова. Падчас «Вялікай размовы з прэзідэнтам» ён казаў:

«Вы ведаеце, што гэта адзін з найбуйнейшых сельскагаспадарчых баронаў РФ? У мяне з ім добрыя адносіны, амаль сяброўскія. Але гэты факт усім вядомы, і вы думаеце, прапусціць наш цукар, лепшы якасцю, на тэрыторыю Расеі, калі ён за апошні год сем ці восем заводаў скупіў і вырабляе цукар?» — казаў Лукашэнка.

У 2017 годзе Ткачоў быў кіраўніком Міністэрства сельскай гаспадаркі Расеі і выказваў заклапочанасць бязмытным імпартам у Расею беларускага і казахскага цукру.