У 2020 годзе культурнай сталіцай Беларусі аб’яўлена Ліда. У сувязі з гэтым следам за Гродна ў Лідзе зацвердзілі лагатып горада.

Як паведамляе lidanews.by, праца над лагатыпам вялася некалькі тыдняў. Свае варыянты прапаноўвалі ўстановы культуры: Лідскі гісторыка-мастацкі музей, дзіцячая школа мастацтваў, раённая бібліятэка і Палац культуры.

– Варыянты былі розныя: і з выявай устаноў культуры, і з відамі горада, яго славутасцямі, помнікамі, – патлумачыла начальніца аддзела культуры райвыканкама Наталля Леўшунова. – У выніку спыніліся на Лідскім замку – гэта брэнд, які робіць наш рэгіён вядомым не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. На лагатыпе таксама намаляваны герб горада, ручнік з элементамі белаўзорыстага ткацтва, якое ўваходзіць у спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі.

"Працавалі некалькі тыдняў". Які лагатып выбралі для культурнай сталіцы Беларусі - 2020, і што пра гэта думаюць самі лідчане
Лагатып, які стане сімвалам Ліды на 2020 год

Лагатып будуць размяшчаць на сувенірнай і друкаванай прадукцыі, афішах.

“Як заўсёды блін. Савок і самадзейнасць”, – напісаў на сваёй старонцы ў Facebook гродзенскі дызайнер Дзмітрый Гупянец і прапанаваў ратаваць Ліду. Ён успомніў працу дызайнеркі Крысціны Івановай, якая распрацавала канцэпцыю брэнда для Ліды яшчэ ў 2013 годзе.

Лідскі відэааператар Павел Русіновіч напісаў: “Сказаць, што лідчане расчараваныя дадзеным лагатыпам – нічога не сказаць. Добрага няма нічога: наляпыванне асобных самастойных сімвалаў адзін на аднаго, чарговая ненадакучлівая адсылка да мінулага, ад якога ўжо хацелася б сысці, маса “народных” культурных знакаў, якія самі па сабе больш адлюструюць дух эпохі 1600 года, чым сучасныя рэаліі. Дастаткова ўжо жыць мінулым ментальным кодам. Так, трэба захоўваць традыцыі, шанаваць і памятаць спадчыну, але яе ўжо трэба перапрацаваць, і падаць у мінімалістычным выглядзе сапраўдную нашу сутнасць. Калі не ў выглядзе “хто мы ёсць”, то ў выглядзе “да чаго мы хочам імкнуцца”

У 2013 годзе сапраўды выбіралі брэнд для горада. Былі апублікаваныя 8 варыянтаў эмблемы, якія стварылі ў ГрДУ імя Янкі Купалы. Тады працоўная група адмовіліся ад акцэнту на замак, “каб не фармаваць вобраз Ліды як пераважна гістарычнага горада” без сучаснага патэнцыялу, а таксама таму, што лідскі замак, на думку распрацоўшчыкаў, у маштабе краіны губляецца пасля Міра і Нясвіжа.

"Працавалі некалькі тыдняў". Які лагатып выбралі для культурнай сталіцы Беларусі - 2020, і што пра гэта думаюць самі лідчане

Лідчане не ацанілі прапановы з ГрДУ. Лідскія дызайнеры арганізавалі альтэрнатыўны праект па стварэнні лагатыпу. Чыноўнікі пагадзіліся, пашырылі склад удзельнікаў і правялі адкрыты конкурс. Лагатып для горада выбіралі гараджане ў інтэрнэце і прафесійныя дызайнеры.

Брэнд, які тады прапаноўвала згаданая Крысціна Іванова, заняў першае месца з 40 праектаў у конкурсе творчых працаў па маркетынгу тэрыторый у 2014 годзе. Вынікі конкурсу падвялі ў Мінску на форуме «Імідж Рэспублікі Беларусь: ствараем і рэалізуем праекты». Крысціна Іванова распрацавала цэльны праект па прасоўванні і брэндаванні горада «Ліда – горад для жыцця і бізнесу»

"Працавалі некалькі тыдняў". Які лагатып выбралі для культурнай сталіцы Беларусі - 2020, і што пра гэта думаюць самі лідчане