Першая сустрэча клуба прайшла 18 студзеня і сабрала 30 гасцей. Тут раней за астатніх гродзенцаў пачулі новыя песні і паглядзелі відэаінсталяцыі і карціны. Збіраецца закрыты клуб у тату-салоне “Адважнае Сэрца”. Трапіць на вечарыну можна толькі па асабістым запрашэнні аднаго з трох арганізатараў – музыканта Юрыя Дубовіка, гарадской актывісткі Дар’і Нячай і гаспадара салона Ігара Бірукова.

Сярод удзельнікаў былі музыкі, мастакі, паэты, фатографы, блогеры, дызайнеры, прадстаўнікі байк-рухаў, майстры рамеснікі, журналісты і іншыя творчыя людзі Гродна.
“Спачатку я проста хацеў неяк цікава выкарыстоўваць прастору майго салона ў непрацоўны час. Арганізоўваў некалькі музычных кватэрнікаў, але хацелася чагосьці большага, цікавага, карыснага. Распавёў пра гэта Дашы і Юру і пачалі развіваць тэму. Так прыйшла ідэя арганізаваць клуб, дзе маглі б збірацца творчыя людзі, знаёміцца,
ствараць сумесныя праекты, дапамагаць адзін аднаму. Мы ўсе варымся ў коле сваіх знаёмых, а гэта рэальны шанец выйсці з зоны камфорту і абмяняцца тусоўкамі”.
Вечарынкі плануюць праводзіць раз у месяц. На кожнай будуць прэзентаваць новыя творы, якіх яшчэ не паказвалі шырокай публіцы. На першай прайшло адразу некалькі прэзентацый.
Гродзенскі фольк-рок гурт “Вочы” прадставіў песню “Матуля”. Яна настолькі новая, што не ўвайшла нават у самы апошні альбом, які зараз рыхтуецца да выпуску. Кампазіцыя будзе выконвацца ў канцэртных праграмах 2020 года. Дар’я Багаслова і Дзмітрый Брытанаў прадставілі песні, які ўвойдуць у новы альбом “Мроі імклівых дзён”.

Дар’я Багаслова выступіла не толькі выканаўцам у групах “Вочы” і “Раса мечтателей”, але і як мастачка. Госці вечарыны першымі паглядзелі відэа-прэзентацыю карціны Дар’і “Изнанка повседневности”, якая была скончаная перад Новым Годам. Дар’я плануе выставіць працу на аўкцыён з пачатковым коштам у 600 $.

Саліст ска-панк гурта “The Goonzz!” Аляксей Пасікаў упершыню выканаў песню “Тот день, когда умру”. Гэтая кампазіцыя хутчэй за ўсё застанецца ў акустычным сола-фармаце. Яна таксама не ўвайшла ў апошні альбом гурта. Цяпер “гунсы” пачалі рыхтаваць адмысловую акустычную праграму для выступаў на сустрэчах клуба.

Скончыў музычную праграму Аляксандр Гайваронскі: каверамі і аўтарскімі песнямі.
Наступная сустрэча клуба рыхтуецца ўжо да 15 лютага. Падрабязнасці праграмы пакуль не выдаюць.


