На міжнароднай выставе Adventour-2020 у Вільні прадставяць магчымасці бязвізавага і медыцынскага турызму Гродзенскай вобласці, піша БЕЛТА.

Падчас выставы 24−26 студзеня пройдзе прэзентацыя «Гродзенская вобласць — тэрыторыя камфортнага турызму». Наведвальнікам прадставяць турыстычны патэнцыял рэгіёну і падрабязную інфармацыю пра магчымасці бязвізавага наведвання.

«Літоўскі рынак важны для нас, бо Літва — адзін з лідараў па колькасці турыстаў у рэгіёне. Напрыклад, з больш чым 122 тыс. бязвізавых турыстаў, якія наведалі Гродзенскую вобласць у 2019 годзе, звыш 83 тыс. былі гасцямі з Літвы», — распавялі ва ўпраўленні спорту і турызму. Акрамя таго, з лістапада 2019 года ўся тэрыторыя Гродзенскай вобласці стала даступнай для групавога наведвання без віз падчас руху па турыстычным маршруце. Да 15 сутак павялічаны і тэрмін знаходжання бязвізавых турыстаў.

«Гэта дало дадатковыя магчымасці для развіцця розных відаў турызму. На выставе рэгіён прадставяць 15 экспанентаў, у іх ліку ўстановы аховы здароўя рэгіёну, якія пазнаёмяць з патэнцыялам медыцынскага турызму. Гэты напрамак таксама набірае папулярнасць», — адзначылі ва ўпраўленні спорту і турызму.

Таксама аб Гродзеншчыне ў студзені-лютым раскажуць на тэматычных мерапрыемствах у Латвіі, Эстоніі і Польшчы.