На міжнароднай выставе Adventour-2020 у Вільні прадставяць магчымасці бязвізавага і медыцынскага турызму Гродзенскай вобласці, піша БЕЛТА.
Падчас выставы 24-26 студзеня пройдзе прэзентацыя “Гродзенская вобласць – тэрыторыя камфортнага турызму”. Наведвальнікам прадставяць турыстычны патэнцыял рэгіёну і падрабязную інфармацыю пра магчымасці бязвізавага наведвання.
“Літоўскі рынак важны для нас, бо Літва – адзін з лідараў па колькасці турыстаў у рэгіёне. Напрыклад, з больш чым 122 тыс. бязвізавых турыстаў, якія наведалі Гродзенскую вобласць у 2019 годзе, звыш 83 тыс. былі гасцямі з Літвы”, – распавялі ва ўпраўленні спорту і турызму. Акрамя таго, з лістапада 2019 года ўся тэрыторыя Гродзенскай вобласці стала даступнай для групавога наведвання без віз падчас руху па турыстычным маршруце. Да 15 сутак павялічаны і тэрмін знаходжання бязвізавых турыстаў.
“Гэта дало дадатковыя магчымасці для развіцця розных відаў турызму. На выставе рэгіён прадставяць 15 экспанентаў, у іх ліку ўстановы аховы здароўя рэгіёну, якія пазнаёмяць з патэнцыялам медыцынскага турызму. Гэты напрамак таксама набірае папулярнасць”, – адзначылі ва ўпраўленні спорту і турызму.
Таксама аб Гродзеншчыне ў студзені-лютым раскажуць на тэматычных мерапрыемствах у Латвіі, Эстоніі і Польшчы.


