31 снежня знік 21-гадовы Максім П. з Ліды. Хлопец пайшоў на працу, у саўгас «Лідскі», але там так і не з’явіўся.

Максім П.
Знайшлі яго толькі праз 13 дзён. Увесь гэты час Максім хаваўся ў лесе. «Наша Ніва» звязалася з Максімам. Ён расказаў, што проста пайшоў у лес, не ведае нават, колькі прайшоў. Пасля зрабіў сабе будан, у якім і жыў.

«Есці я купіў па дарозе: кансервы збольшага. Купіў яшчэ гарэлкі. Шампанскага не браў, але Новы год і так сустрэў нармальна. Тэлефона з сабою не было, таму надыход Новага года я вызначыў па месяцы. Выпіў гарэлкі і пайшоў спаць. Я зрабіў будан з галля. Там і начаваў», — распавёў Максім.

Максім быў апрануты ў куртку-спяцоўку з надпісам «ДРСЧ-48», чорную шапку, спартыўныя штаны і гумовыя боты. Але, кажа, не замёрз і нават не прастыў. З працы, дарэчы, яго таксама не звольнілі.

«Днямі я проста бадзяўся па лесе. За вадою выходзіў у вёску, у калодзеж, пасля вяртаўся ў лес. Пасля мяне міліцыя знайшла, папрасілі вярнуцца дадому. Ветліва прасілі: я ж нічога такога не зрабіў».

У выніку хлопец паслухаў і прыйшоў дахаты.

Што стала прычынай яго ўцёкаў, Максім расказваць не захацеў: «Гэта дробязь, няважна». Але запэўнівае, што паўтараць прыгоды не плануе.