Навіны

«Пагроза нацыянальнай бяспецы Літвы». Эканамісту Раманчуку забаранілі ўезд у Шэнгенскую зону

Эканамісту Яраславу Раманчуку забаранілі ўезд у Шэнгенскую зону, піша «Радыё С**бода». Сам Раманчук мяркуе, што прычынай візавага «бана» можа быць ягоны камэнтар агенцтву «Спутник» альбо інтэрнэт-радыё «Прымус» пра кантрабанду цыгарэт празь беларуска-літоўскую мяжу.

Прэзыдэнт Навукова-дасьледчага цэнтру Мізэса і выканаўчы дырэктар аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Яраслаў Раманчук сказаў «С**бодзе», што нечакана для сябе трапіў у «чорныя сьпісы» Шэнгенскай зоны.

«У кастрычніку ў нас былі заплянаваныя мерапрыемствы ў Літве, разам зь сябрамі з АГП, з Анатолем Лябедзькам у тым ліку, — кажа Яраслаў Раманчук. — Падалі дакумэнты на атрыманьне візы, як рабілі апошнія 20 гадоў. Папярэдняя гадавая шэнгенская віза ў мяне была акурат літоўская. Падалі і падалі. 16 кастрычніка трэба было забіраць, а мне сказалі прыйсьці асабіста. Ну добра, можа, нешта падпісаць дадаткова трэба. Прыйшоў. А мне кажуць — вам адмоўлена».

На рукі Яраславу Раманчуку выдалі дакумэнт з тлумачэньнем адмовы ў атрыманьні шэнгенскай візы. У дакумэнце прычынай адмовы названа тое, што эканаміст нясе «пагрозу нацыянальнай бясьпецы».

«Я падумаў адразу, што нешта пераблыталі ў консульстве, — працягвае Раманчук. — Зьвярнуўся да консула асабіста. А ён кажа — нічога не магу зрабіць, зьвяртайцеся ў суд. На працягу месяца. Як я магу ў літоўскі суд зьвярнуцца, калі я нават не магу туды даехаць?»

Неўзабаве пасьля гэтай гісторыі Яраслаў Раманчук паехаў у ЗША на канфэрэнцыю, чытаў лекцыі ў Вашынгтоне. Па вяртаньні ў Беларусь вырашыў падаць дакумэнты на атрыманьне шэнгенскай візы ў амбасаду Францыі. Марна. Па словах францускага консула, Раманчук цяпер можа атрымаць толькі нацыянальную францускую візу. Шэнгенскую яму выдаць ня могуць пры ўсім жаданьні, бо Літва ўнесла беларускага эканаміста ў «чорны сьпіс».

«Літоўцы мне нават не сказалі, што гэта яны зрабілі, — кажа Раманчук. — Казалі, што «адна з краінаў Шэнгенскай зоны». Я сабе думаю — вось гэта нумар.

Пачаў празь сяброў літоўскіх дапытвацца, што гэта можа быць. Мне неафіцыйна сказалі, што прычынай могуць быць мае камэнтары пра магчымую сувязь высокапастаўленых літоўскіх чыноўнікаў і сілавікоў з кантрабандай тытунёвых вырабаў зь Беларусі. Што яшчэ, я нават уявіць не магу. За ўвесь 2019 год толькі аднойчы адпачываў у Літве, у Паланзе зь сям’ёй. Яшчэ праездам быў, калі ў Польшчу езьдзіў. І ўсё".

Чытайце таксама: «Беларусь получит статус Чечни или Крыма». Экономист Ярослав Романчук об интеграции с Россией

Па словах Яраслава Раманчука, за ўсе гады атрыманьня шэнгенскіх візаў і паездак у краіны Шэнгенскай зоны ён ніводнага разу ня меў нават штрафу за пераход дарогі на чырвонае сьвятло, ня кажучы пра іншыя правапарушэньні.

«Ніякіх камэрцыйных апэрацый не праводзіў, ніколі не затрымліваўся, ніякіх папярэджаньняў за 25 гадоў ня меў, увогуле нічога, — кажа Яраслаў Раманчук. — Таму магу зьвязваць гэтую сытуацыю толькі са сваімі камэнтарамі пра кантрабанду тытунёвых вырабаў празь беларуска-літоўскую мяжу.

Я выказваўся пра гэта, выказваў меркаваньне пра існаваньне міжнароднай злачыннай групоўкі. Пра тое, што яе існаваньне было б немагчымым без удзелу сілавых структураў Літвы. Мне намякнулі, што гэта магло быць прычынай. Яшчэ я часам даю камэнтары агенцтву «Спутник». Але мае камэнтары заўсёды адпавядаюць пазыцыям Беларусі".

Яраслаў Раманчук таксама згадвае, што нядаўна праводзіў канфэрэнцыю ў Менску, прысьвечаную сытуацыі вакол будаўніцтва Астравецкай АЭС. І на ёй эканаміст падтрымаў менавіта літоўскі бок, а не беларускі.

«Сяджу цяпер і думаю, што гэта магло б быць, — прызнаецца Раманчук. — Анатоль Лябедзька ў літоўскіх палітыкаў запытаўся, што гэта магло б быць такое. Яны таксама ня ведаюць. Ніхто ня ведае».

Сытуацыю ўскладняе яшчэ і тое, што забарона на атрыманьне шэнгенскай візы для Яраслава Раманчука бестэрміновая. У атрыманым ім адказе не гаворыцца ні пра прычыны адмовы, ні пра тэрмін дзеяньня візавай «забароны». У канцы лістапада 2019 году эканаміст даслаў запыты ў Крымінальную паліцыю Літвы і МУС з просьбай патлумачыць сытуацыю. Адказаў на гэтыя звароты няма дагэтуль.

Што кажуць у амбасадзе Літоўскай Рэспублікі ў Беларусі

Радыё С**бода зьвярнулася ў амбасаду Літоўскай Рэспублікі ў Беларусі з пытаньнем, зь якіх прычын Яраславу Раманчуку адмовілі ў выдачы шэнгенскай візы.

Прадстаўнік амбасады адказаў, што паводле арт. 133 Закону Літоўскай Рэспублікі аб прававым становішчы іншаземцаў іншаземцам, якія могуць уяўляць пагрозу нацыянальнай бясьпецы альбо грамадзкаму парадку, можа быць забаронены ўезд у Літоўскую Рэспубліку на неабмежаваны тэрмін, а ў іншых выпадках — да пяці гадоў. Рашэньне аб забароне на ўезд прымаецца Дэпартамэнтам міграцыі пры МУС Літоўскай Рэспублікі.

Інфармацыю пра канкрэтную асобу ў амбасадзе падаць адмовіліся, спаслаўшыся на ч. 2 арт. 8 Консульскага статуту Літоўскай Рэспублікі.

Амбасада таксама патлумачыла, як дзейнічаць грамадзяніну Беларусі, якому адмовілі ў шэнгенскай візе. У выпадку адмовы асоба, якая зьвярнулася па візу, атрымлівае ў пісьмовай форме паведамленьне, у якім названая прычына такога рашэньня. Рашэньне аб адхіленьні візавага хадайніцтва можна абскардзіць паводле Закону аб вядзеньні адміністрацыйных спраў Літоўскай Рэспублікі празь Віленскі акруговы адміністрацыйны суд на працягу 14 дзён з дня ўручэньня рашэньня.

Падзяліцца
Меткі: Літва

Апошнія запісы

Жывёлы з гродзенскага прытулку атрымалі першыя падарункі ад таемных Сант — пункты выдачы заказаў перапоўнены

Гродзенскія пункты выдачы заказаў Wildberries і Ozon аказаліся перапоўнены падарункамі для жывёл. Гэта вынік Таемнага…

23 снежня 2024

Улады зробяць «раскладанку» са славутасцямі Гродна. Што туды патрапіла?

Новы сувенір у выглядзе "раскладанкі" са знакавымі аб'ектамі Гродна ствараюць улады. Яго выканаюць у выглядзе…

22 снежня 2024

У Гродне прайшоў парад Дзядоў Марозаў і Снягурак

Некалькі сотняў Дзядоў Марозаў, Снягурак, сабачак, вавёрачак і разнастайных іншых персанажаў 20 снежня прайшлі ад…

21 снежня 2024

Нерухомасць тыдня: у Гродне прадаюць кватэру «калекцыянера» з электракамінам

Трохпакаёвая кватэра знаходзіцца на вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў. Сцены ў ёй абвешаныя рэпрадукцыямі, дзвярныя праёмы выкананы…

21 снежня 2024

І нават ICQ. Ва ўстанове Гродна будуць сачыць за перапіскамі супрацоўнікаў

Спецыяльнае праграмнае забеспячэнне для сачэння за актыўнасцю ў камп'ютарах закупляе Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі…

21 снежня 2024

Ля сажалкі на Рэпіна з’явіцца дзіцячая інклюзіўная пляцоўка — ужо запланавалі будаўніцтва

У Гродне рэканструююць тэрыторыю, прылеглую да вадаёма па вул. Рэпіна. Там жа ўладкуюць дзіцячую інклюзіўную…

21 снежня 2024