Новая рэдакцыя генплана Гродна да 2030 года чакае зацвярджэння прэзідэнта пасля грамадскіх абмеркаванняў, узгадненняў і экспертыз. Згодна з праектам, у першую чаргу Гродна будзе расці ў напрамку мікрараёнаў Грандзічы і Альшанка, паведамляе grodnoplustv.by.
Перамены чакаюцца і ў іншых частках горада. Гэта датычыцца і ўшчыльнення асобных раёнаў, і добраўпарадкавання тэрыторый. Адной з першых рыхтуецца да забудовы Панямунь. У перспектыве тут вырасце раён шматпавярховых дамоў з добрай інфраструктурай. У бліжэйшыя гады ў Гродне плануюць забудаваць і пустку ўздоўж вуліцы Дубко. Насупраць OldCity з’явіцца новы жылы комплекс. Забудова з’явіцца і на месцы пусткі каля крамы «Фиялка».
Навасёлаў будуць сустракаць і ў мікрараёне Фолюш. Адна частка тэрыторыі тут адведзена пад будаўніцтва жылля. Іншая, прылеглая да берагавой лініі ракі Ласасянка, застанецца рэкрэацыйнай, што дасць магчымасць забяспечыць раён зялёнай зонай. Грамадскае абмеркаванне па дадзенай падставе пройдзе ў канцы красавіка.
Што да асноўнага напрамку тэрытарыяльнага развіцця ў бліжэйшыя гады Гродна — гэта асваенне паўночнага раёна Грандзічы. Першыя дамы тут пачалі ўзводзіць у жніўні 2018 года. Зараз актыўна забудоўваецца раён Грандзічы-2, пачаліся будаўнічыя працы на раёне жылой забудовы Грандзічы-3, праектуюцца Грандзічы-1 і Грандзічы-4.
Забудова паўднёвай часткі горада чакаецца праз пяць гадоў. Паводле новага Генеральнага плана горада Гродна, у бліжэйшыя гады ў раёнах сядзібнай забудовы Баранавічы, Забалаць і Пагараны-Кашэўнікі будзе актыўна весціся як шматкватэрная, так і аграсядзібная забудова.