Вікторыя Рачкоўская нарадзіла дачку ў 00 гадзін 05 хвілін новага 2020 года. Малую назвалі Камілай. Гэта другое дзіця Вікторыі, старэйшай дачцы — тры гады. Пра тое, што прыйдзецца нараджаць літаральна пад бой курантаў, гродзенка нават не меркавала — дзіця чакалі ў сярэдзіне студзеня, піша rgazeta.by.
— Мы сядзелі з нашай другой дачкой дома, глядзелі тэлевізар, збіраліся да сваякоў, але не паспелі даехаць — муж павёз мяне сюды. Нарадзіла вельмі хутка — за дзве гадзіны. Пад бой курантаў забягала ў радзільную залу, — смяецца маладая мама. — У мяне сваякі цяпер пытаюцца: «Ты калі хацела нарадзіць, 1 студзеня або 31 снежня?». А я адказваю: «Тады ўвогуле не думала, нараджала — і ўсё».
Усяго ў першы дзень новага дзесяцігоддзя ў рэспубліцы нарадзілася 40 немаўлят, з іх 12 — у Гродзенскай вобласці. У Бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі Гродна 1 студзеня на свет з’явілася пяцёра дзяцей: чатыры дзяўчынкі і хлопчык. Павіншаваць маладых маці і ўручыць ім падарункі прыехала начальнік галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама Алена Краткова.
— На жаль, апошнія гады паказчыкі нараджальнасці зніжаюцца. У Гродзенскай вобласці, паводле папярэдніх дадзеных, за 11 месяцаў нарадзілася на 823 дзіцяці менш, чым за такі ж перыяд 2018 года. А ўсяго з’явілася на свет 9 106 малых. Таму кожнае дзіця на рахунку, і мы радуемся ўсім нованароджаным, бо дзеці - гэта наша будучыня, — адзначыла Алена Краткова.