Сюжэт «Скаванае жыццё» з’явіўся на Youtube 1 студзеня. Відэа прысвечанае бізнэсоўцу і мецэнату з Навагрудка Сяргею Ковалю, які год таму скончыў жыццё самагубствам.
Родныя Коваля не далі дазволу здымаць фільм
Сяргею Ковалю было 47 гадоў. Ён зрабіў у родным Навагрудку бізнэс на гандлі рэчамі з Расеі. Некалькі гадоў таму адкрыў фэнтэзі-сядзібу Літоўка. Туды мог свабодна ўвайсьці любы ахвотны. Асаблівасьцю сядзібы стала сумяшчэньне ў адным месцы сымбаляў і знакаў розных культураў і рэлігій. За адзін уікэнд яе наведвалі да 4 тысяч чалавек. Дзякуючы Ковалю ў Навагрудку каля музэю габрэйскага супраціву адкрылі помнік габрэйскай дзяўчынцы Міхле Сасноўскай, якую расстралялі нацысты, <піша «Радыё С**бода».
Сюжэт памяці Коваля стварыла рэжысэрка Анжэла Гусева, родам з Малдовы, якая цяпер жыве ў Расеі.
На фільм не далі дазволу родныя Сяргея. Яны таксама не дазволілі здымкі на тэрыторыі ўжо закрытай тады сядзібы Літоўка. У Коваля засталіся маці, жонка, дзьве дачкі.
Відэа складаецца з успамінаў сяброў, знаёмых, калег Коваля. Яны ўзгадваюць, якім чалавекам быў Сяргей, гавораць пра ягоныя апошнія месяцы жыцьця, разважаюць пра сэнс сядзібы Літоўка і іншыя праекты, якія ён не пасьпеў рэалізаваць. Частка відэа прысьвечаная Дзьмітрыю Бондару, сябру Сяргея, які называе сябе сьвятаром старакаталіцкай царквы. У відэа ўдзельнічае ягоная маці. Напрыканцы 2018 года пасьля затрыманьня Бондара, Коваль закрыў сядзібу Літоўка для наведваньняў і неўзабаве сышоў з жыцьця.
«Сяргей Коваль — гэта дарослае дзіця, якое знайшло свой шлях радавацца жыцьцю і якое хацела навучыць іншых, як гэта рабіць… Усе ўспрынялі Сяргея, як актора, які зачараваў. Насамрэч, ён не іграў. Насамрэч гэта быў Сяргей, які ён ёсьць», — кажа ў відэа дырэктарка музэю габрэйскага супраціву Тамара Вяршыцкая.
У відэа ўвайшлі архіўныя фрагмэнты зь Сяргеем Ковалем і Дзьмітрыем Бондарам з адкрытых крыніц.
«Ён выглядаў забітым чалавекам»
Здымкі адбываліся ў Навагрудку неўзабаве пасьля сьмерці Сяргея.
Рэжысэрка Анжэла Гусева расказала «С**бодзе», што і пасьля працы над фільмам яна ня ведае адказу, чаму Сяргей вырашыў сысьці з жыцьця.
Гэта ведае толькі ён. Найбліжэйшыя сябры і родныя, ніхто ня ведае пра гэта. Як я магу?.. Гэта ведае толькі той чалавек, які закрыў за сабой дзьверы… Я так і не змагла знайсьці адказу на пытаньне, чаму пры такой падтрымцы, а яго многія людзі падтрымлівалі, ён усё ж закрыў Літоўку і ўсё ж зрабіў гэты крок [суіцыд — РС]… Чаму ён сышоў? Можа, сапраўды, зразумеў, што ўсё зрабіў. «Усё, хлопцы, я зрабіў, што мог, а далей вы самі», — разважае рэжысэрка.
Яна пазнаёмілася зь Сяргеем выпадкова, калі прыехала ў Навагрудак па іншым праекце напрыканцы 2018 году, незадоўга да ягонай сьмерці, калі ўжо закрылася Літоўка. Яны камунікавалі два дні. Потым перапісваліся ў інтэрнэце, віншавалі адно аднаго з новым годам за некалькі гадзін да сыходу Сяргея.
«Мяне Сяргей узрушыў як чалавек… Я была проста ашаломленая тым, як выглядае Сяргей. Ён выглядаў забітым. У ягоных вачах не было жыцьця. Гэта былі вочы, поўныя трывогі, болю, татальнай адзіноты. Ён казаў, што баіцца адкрываць Літоўку, што забралі ўсе відэакамэры, і ён ня можа несьці адказнасьць за людзей, якія наведваюць Літоўку. Ён вельмі перажываў», — распавядае Анжэла.
«Як ён дарыў людзям сябе!»
У сюжэце няма ўспамінаў пра Сяргея-мэцэната. Са словаў рэжысэркі, гэта фільм пра той пэрыяд, калі Сяргей набыў Літоўку і зьмяніўся, дзякуючы ёй, пра асэнсаваньне жыцьця чалавекам.
«Як ён дарыў людзям сябе! Я больш не сустракала такіх людзей у сваім жыцьці. Вельмі мудры, разумны, вельмі расхінуты чалавек», — Анжэла расказвае пра Сяргея і чуваць, як пачынае плакаць, і стрымлівае сябе.
Яна называе свой сюжэт эксклюзіўным, бо ў ім пра Коваля ўзгадваюць ягоныя сябры, якія раней не выказваліся з гэтай нагоды. Рэжысэрка падкрэсьлівае, што ўсе ахвотна прынялі ўдзел у здымках.
«Усе пакутавалі ад сыходу Сяргея, а не праз тое, што закрытая Літоўка. Хаця яе закрылі — і Сяргей павесіўся. Гэта дзіўна, але ўсе па ім сумавалі, пакутавалі, хварэлі, а не па Літоўцы», — кажа Анжэла.