Як даўней адзначалі Новы год, расказала БЕЛТА Таццяна Валодзіна, загадчыца аддзела фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.
«Ёлка на навагоднія і калядныя святы ў вясковых дамах з’явілася вельмі позна — толькі ў мінулым стагоддзі. Крыху раней яе сталі ставіць у гарадах. Гэтая традыцыя прыйшла да нас з Германіі, — сказала Таццяна Валодзіна. — У Беларусі быў свой асаблівы калядны сімвал — саламяны павук. Гэта складанае ўпрыгожванне цяпер часта можна ўбачыць у музеях. Асноўная частка малюнка — 12 саломінак. Гэтая прыгожая канструкцыя сімвалізуе стварэнне новага свету, нараджэнне новага сонца».
Зімовыя святы ў нашых продкаў ўяўлялі сабой адзіны цыкл. У традыцыйных калядных святкаваннях вылучалася тры ключавых моманты — Каляды, Новы год і Вадохрышча. Ім адпавядала сімволіка рытуальнай стравы — куцці. Посную куцьцю можна было ўбачыць на стале з нагоды Калядаў і Вадохрышча, а скаромную (шчодрую, багатую) — на Новы год. Куцця сімвалізавала добры ўраджай, дабрабыт, багацце ў новым годзе. Яе рыхтавалі і для таго, каб уся сям’я была побач, як крупінкі - адна да адной.
«На Каляды быў стрыманы, посны святочны стол, прынцыпова без алкаголю. У некаторых рэгіёнах ставілі 12 страў - па колькасці месяцаў у годзе, у іншай мясцовасці гэтае правіла не было абавязковым. На Новы год быў „шчодры вечар“ з мноствам мясных страў: і каўбасы, і скваркі, і верашчака (варыянт мачанкі, гарачы соус-суп на мясным або мяса-грыбным булёне, асновай якога звычайна былі свіныя рабрынкі, хатняя свіная каўбаса. — Заўвага. БЕЛТА). Былі і бліны, і спіртное. Па хатах хадзілі калядоўшчыкі, якіх таксама частавалі стравамі са святочнага стала», — адзначыла вучоны.
На святы ў даўніну апраналіся прыбрана, але не было прыкмет і забабонаў у дачыненні да колеру і фасону адзення. Навукоўцы лічаць гэта адметнай рысай сучаснай культуры. «Традыцыі тычыліся толькі масак калядоўшчыкаў. Тут быў своеасаблівы карнавал. Асноўным персанажам была каза як знак урадлівасці. Былі і маскі мядзведзя, каня, бусла, які сімвалізаваў нараджэнне дзяцей», — распавяла Таццяна Валодзіна.