Гродзенец з балкона сваёй кватэры кідаў сякеру і нажы ў бок пляцоўкі, на якой гулялі дзеці. Ніхто не пацярпеў. Яго асудзілі на тры гады абмежавання волі.

Міліцыя Гродна распавяла і пра іншыя распаўсюджаныя выпадкі хуліганства. У Мастах мужчына з балкона трэцяга паверха выкінуў бутэльку з-пад гарэлкі. Яна трапіла ў жанчыну, якая праходзіла міма дома па тратуары. Мужчыне прысудзілі па ч.1 арт.339 КК штраф у памеры 30 базавых велічынь.

Ноччу ў адной з вёсак Іўеўскага раёна мужчына пашкодзіў сем платоў, б’ючы па ім і адрываючы ад пралётаў штыкеціны. За гэта і крадзеж, які ён здзейсніў месяц таму, яму прызначылі штраф у памеры 60 базавых велічынь.

Усе парушальнікі знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення. Падобныя прыклады не адзінкавыя.

У Гродзенскай вобласці у 2019 годзе зарэгістравана больш за 240 хуліганстваў. Гэта крыху менш, чым у мінулым. Звычайна гэта пашкоджанне маёмасці, у тым ліку аўтамабіляў ноччу.