Сёння ноччу, 27 снежня, у Лідзе жанчына ехала ў радзільню, але нарадзіла па дарозе. Кіроўца таксі прыняў роды проста ў аўтамабілі.

Заказ паступіў з Бярозаўкі таксісту Яўгену Дылесандраву, паведамляе Telegram-канал «ЧП Беларусь». Дзяўчына ехала ў радзільню, але па дарозе трэба было адвезці да бацькоў яе дачку. Не даехаўшы літаральна некалькі метраў да бацькоўскага дома ў мікрараёне Індустрыяльны, жанчына пачала нараджаць.

Кіроўца не разгубіўся і, як мог, прыняў роды, ухутаў дзяўчынку, якая з’явілася на свет, у сваю кофту і выклікаў хуткую дапамогу. Хуткая прыбыла, абрэзала пупавіну і павезла маці і нованароджанную ў радзільны дом.

Кіраўніцтва сэрвісу 7220, якому належаў аўтамабіль, мае намер павіншаваць з нараджэннем дзіцяці маці і сям’ю.