Адразу 24 мастацкіх працы ў стылі супрэматызму папоўнілі прыватную калекцыю Амрана Матара. Напярэдадні калядаў, 24 снежня, ён набыў палотны, што стварылі дзеці з інваліднасцю для выставы “Супрэматызм. Мастацтва. Права на працу”. Ён зладзіў пакупку ў гонар уласнай дачкі, якая нарадзілася 24 чысла.

“Я бацька. У мяне ёсць дачка Дуня. Гэта слова азначае “сусвет”. Я кожны дзень адчуваю ўдзячнасць да сусвету, што яна ў мяне ёсць. Лічу, нам вельмі пашанцавала, што яна здаровая. Не ўсе дзеці маюць такую перавагу. Бацькоўства і мацярынства, на маю думку, – гэта адказнасць не толькі за ўласных дзяцей. Але мы можам скіраваць любоў і падтрымку не толькі сваім дзецям. Мы можам дапамагчы тым, каму зараз гэта найбольш патрэбна”.

Меркаваннем Амрана Матара, не ўсе дарослыя гатовы так жыць. Тым большай падтрымкі вартая ініцыятыва: “Супрацоўнікі хоспіса і яго дырэктарка Вольга Вялічка, дызайнерка Ірына Варкулевіч, валанцёры і бацькі дзяцей з інваліднасцю – сапраўдныя героі”, – кажа ён. – Купіць гэтыя працы для мяне – магчымасць зрабіць іх жыццё больш пазітыўным”.

Амран распавёў супрацоўнікам дзіцячага хоспіса, што пабачыў анонс выставы на Hrodna.life і зацікавіўся мерапрыемствам. Далей, на думку кіраўнічкі хоспіса, спрацаваў агульны прафесійны падыход супрацоўнікаў выставачнай залі і яе кіраўнічкі Ірыны Сільвановіч, а таксама “прафесіянала з вялікім сэрцам”, дызайнеркі Ірыны Варкулевіч.

“Паасобку гэта не працуе. Дзякуючы агульным намаганням знайшоўся чулы незнаёмец, каторы набыў адразу ўсе працы. Аб’яднаўшы намаганні мы можам больш. Так і з’яўляюцца праекты, якіх раней ніхто не рабіў, і якія робяцца лепшымі прыкладамі ў краіне”.

Амран Матар родам з Аўстраліі, дзе і зараз жывуць яго бацькі, два браты і дзве сястры. Частку працаў ён мяркуе падарыць блізкім, частку пакінуць ва ўласнай калекцыі.


