Жыхары Ліды (Горадзенская вобласьць) далучылася ў выходныя да акцый супраць інтэграцыі з Расеяй. Каля дзесяці маладых людзей мітынгавалі ў цэнтры гораду ўвечары 22 сьнежня, піша «Радыё С**бода».
Удзельнік акцыі Ільля Шаблінскі расказаў С**бодзе, што мітынг пачаўся каля помніка князю Гедзіміну, які нядаўна паставілі паблізу лідзкага замка. Маладыя людзі стаялі зь бел-чырвона-белымі сьцягамі на плячах. Адзін зь іх трымаў плякат «Belarus is not Russia» («Беларусь не Расея»). Потым кампанія перайшла на плошчу Леніна, да галоўнай гарадзкой ялінкі.
Па словах Ільлі, многія людзі рэагавалі пазытыўна, падыходзілі зрабіць сумеснае фота, пыталіся пра сэнс акцыі. Іншыя хваляваліся, што беларусы ня здолеюць пражыць бяз танных расейскіх газу і нафты.
«Мы адказвалі, што ня хочам быць Расеяй, што нам неабыякавая нашая незалежнасьць… Тлумачылі на прыкладзе Ўкраіны, што там лепей за нас жывуць, нармальна і без Расеі», — кажа Ільля.
Ён адзіны паўналетні сярод усіх удзельнікаў акцыі. Яму 18 гадоў, працуе афіцыянтам. Астатнія — школьнікі і навучэнцы гімназіі, ім па 16−17.
«Нам яшчэ жыць у гэтай краіне. Трэба нешта рабіць. Калі ўсе будуць сядзець дома і маўчаць; як звычайна, абмяркоўваць дома на кухні, то нічога ня зьменіцца», — упэўнены Ільля.
Акцыя працягнулася дзьве гадзіны. Калі пад’ехала міліцыя, хлопцы сышлі. Нікога зь іх не затрымалі.
Акцыі за незалежнасьць Беларусі пачаліся 7−8 сьнежня ў Менску. Яны прайшлі таксама ў Горадні, Пінску, Воршы. Беларусы замежжа мітынгавалі ў Кракаве, Шчэціне, Львове, Празе, Нью-Ёрку, Таронта, Будапэшце.