Да Новага 2020 года Беларуская асацыяцыя сацыяльных работнікаў пры падтрымцы кампаніі А1 выпусціла мастацкі каляндар «Добрыя жарты«. Ён складаецца з адмысловых малюнкаў, якія ілюструюць 13 беларускіх прыказак, адабраных з 8000 варыянтаў! У распрацоўцы календара бралі ўдзел людзі з няпростым лёсам — наведвальнікі цэнтра рэабілітацыі Мінскага клубнага дома «Адкрытая душа». Прэзентацыя выдання адбылася пры ўдзеле лідэра этна-трыа «Троіца» Івана Кірчука.
Каб падрыхтаваць каляндар «Добрыя жарты», спецыялісты Мінскага клубнага дома «Адкрытая душа» разам з наведвальнікамі цэнтра прачыталі каля васьмі тысяч беларускіх прыказак, асэнсавалі іх ды абралі некалькі дзясяткаў найбольш цікавых, пасля чаго ўжо прапанавалі свае ідэі беларускай мастачцы Таццяне Быц. «Быў бы сад, а салаўі прыляцяць», «Гаспадарку весці - не барадой трэсці», «Абы бог да добры людзі, то ўсё добра будзе» — кожны месяц у календары пачынаецца з падобнага паслання.
Мінскі клубны дом «Адкрытая душа» — праект Беларускай асацыяцыі сацыяльных работнікаў па падтрымцы людзей з псіхічнымі расстройствамі. У тых, хто туды прыходзіць, розныя жыццёвыя гісторыі, але іх яднаюць аднолькавыя жаданні пераадолець наступствы хвароб, навучыцца чамусьці каштоўнаму і знайсці сяброў. Уся работа ў цэнтры арганізавана так, каб удзельнікі рэабілітацыйнай праграмы вярнулі сабе адчуванне ўласнай значнасці і ўпэўненасць у сваіх сілах, адчулі падтрымку і атрымалі магчымасць узаемадзейнічаць разам з іншымі людзьмі.
«Святкаваць разам урачыстыя даты — добрая традыцыя, а ў дадзеным выпадку яшчэ і карысная, бо дапамагае ў рэабілітацыі. Менавіта таму нам падалася цікавай ідэя выпусціць каляндар, які б нагадваў наведвальнікам цэнтра пра прыемныя сустрэчы, якія іх чакаюць. І мы вельмі ўдзячныя кампаніі А1 за падтрымку гэтай ініцыятывы. Выпуск календара стаўся сапраўды асаблівай падзеяй для нашых спецыялістаў і ўдзельнікаў рэабілітацыйных праграм Мінскага клубнага дома «Адкрытая душа», — падкрэсліла Кацярына Гузоўская-Гара, прадстаўніца Беларускай асацыяцыі сацыяльных работнікаў.
«Праца над праектамі, якія дапамагаюць у яскравай форме прадставіць беларускую мову і культуру, — адзін з найважнейшых кірункаў карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці А1. І мы радыя, што каляндар „Добрыя жарты“ працягвае гэтую традыцыю, а яго афармленне, над якім працавала мастачка Таццяна Быц, спалучае ў сабе народныя матывы і авангард. Важна таксама тое, што гэты праект прыцягвае ўвагу да дзейнасці Мінскага клубнага дома „Адкрытая душа“, які робіць вельмі каштоўную справу», — адзначыў кіраўнік групы па карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці кампаніі А1 Віктар Пазнякоў.
Прэзентацыя календара праходзіла з удзелам аднаго з самых вядомых даследчыкаў беларускага народнага фальклору — лідэра этна-трыа «Троіца» Івана Кірчука. У рамках сацыяльнага праекта «Добрыя жарты» ён прадставіў гасцям імпрэзы свой знакаміты монаспектакль «Дарожка мая», які створаны на аснове народных песень і ўяўляе з сябе сінтэз духоўнай і матэрыяльнай, абрадавай і магічнай, музычнай і песеннай спадчыны беларускай культуры.
«Я хацеў бы звярнуць увагу на тое, што „Добрыя жарты“ не проста мастацкі каляндар, а зборнік народных прыказак. Фальклор продкаў - калодзеж мудрасці. Мы слухаем і спяваем іх песні, бярэм удзел у абрадах — і быццам па кропельцы напаўняем і ачышчаем сябе. Любы падобны праект ці канцэрт для мяне — рытуальная споведзь, да якой я сур’ёзна рыхтуюся. Бо гэта прысвячэнне продкам, якія сышлі, але бачаць нас, чуюць і дапамагаюць, калі мы шануем тую мудрасць, што яны пакінулі нам у спадчыну. Мы ж таксама будзем продкамі. Але якімі? Мне падаецца, укладальнікі календара таксама думалі пра гэта, калі працавалі над ім», — адзначыў Іван Кірчук.
Каляндар не паступіць у продаж і будзе распаўсюджвацца праз Мінскі клубны дом «Адкрытая душа». Падтрымаць яго наведвальнікаў і спецыялістаў можна, аказаўшы валанцёрскую ці спонсарскую дапамогу.
За больш падрабязнай інфармацыяй звяртайцеся сюды ці тэлефануйце +375 (29) 138−64−78 (Кацярына). Кансультацыі па ўдзеле ў праграмах рэабілітацыі па нумарах: +375 (44) 779−88−24 і +375 (17) 235−04−48.
Гродзенскія пункты выдачы заказаў Wildberries і Ozon аказаліся перапоўнены падарункамі для жывёл. Гэта вынік Таемнага…
Новы сувенір у выглядзе "раскладанкі" са знакавымі аб'ектамі Гродна ствараюць улады. Яго выканаюць у выглядзе…
Некалькі сотняў Дзядоў Марозаў, Снягурак, сабачак, вавёрачак і разнастайных іншых персанажаў 20 снежня прайшлі ад…
Трохпакаёвая кватэра знаходзіцца на вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў. Сцены ў ёй абвешаныя рэпрадукцыямі, дзвярныя праёмы выкананы…
Спецыяльнае праграмнае забеспячэнне для сачэння за актыўнасцю ў камп'ютарах закупляе Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі…
У Гродне рэканструююць тэрыторыю, прылеглую да вадаёма па вул. Рэпіна. Там жа ўладкуюць дзіцячую інклюзіўную…