Увечары 22 снежня гродзенскія іудзеі ўрачыста запалілі на балконе сінагогі ханукальную свячу. Увесь наступны тыдзень яны будуць святкаваць Хануку — адно з важных яўрэйскіх святаў.

Доўжыцца святкаванне восем дзён. Увесь гэты час яўрэі паляць свечкі ў адмысловым свечніку — ханукіі. Колькасць свечак роўная дням свята: у першы дзень гарыць толькі адна, у восьмы — ханукія запоўненая цалкам.

У Гродне па традыцыі галоўную ханукальную свячу запальваюць паважаныя людзі, якім даверылі гэта зрабіць ад імя ўсёй абшчыны. У гэтым годзе да гродзенскага рабіна Іцхака Кофмана далучыўся бізнесмен Уладзімір Зухавіцкі - стваральнік і саўладальнік групы кампаній «ЗОВ». Сям’я Зухавіцкіх шмат гадоў спансуе рамонт сінагогі.

Гродзенскія яўрэі пачалі адзначаць Хануку (ФОТА)
Ханукія на гродзенскай сінагозе
Гродзенскія яўрэі кожны год імкнуцца разнастаіць святкаванне Ханукі. У гэтым годзе акрамя афіцыйнага запальвання свечак прайшло фаер-шоў, быў пачастунак у галоўнай зале, а таксама канцэрт.
Гродзенскія яўрэі пачалі адзначаць Хануку (ФОТА)
Падчас канцэрту выступалі і дзеці
Пасля святкавання ў сінагозе іудзеі вяртаюцца дадому і запальваюць у сябе свечкі, чытаюць Тору, рыхтуюць ханукальныя стравы, а таксама дораць дзецям падарункі.

Сёння ў Гродне жыве некалькі сотняў яўрэяў.

Што такое Ханука

Ханука — свята свечак, якое яўрэі адзначаюць штогод на працягу васьмі дзён. Свечкі запальваюць у памяць аб цудзе, які адбыўся ў час асвячэння храма пасля перамогі войскаў Іегуды Макавея над войскамі цара Антыёха ў 164 годзе да н.э. Гэтае свята вельмі важнае для яўрэяў, бо сімвалізуе, што вера ў Бога вечная, і ёсць рэчы, у прыватнасці духоўныя, якія нельга ў чалавека адабраць.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life