Людзі і справы

Дзіцячы малюнак за 1000 долараў. У Гродне прайшоў дабрачынны аўкцыён на карысць дзіцячага хоспісу

Скарбонка дзіцячага хоспісу 18 снежня папоўнілася на 11 120 рублёў. Столькі ахвяраванняў сабралі ўдзельнікі дабрачыннага вечару ў Кронан Парк Атэлі. Цвіком прагмамы стаў дабрачынны аўцыён за права купіць карціну і даць ёй назву. Мастацкія палотны для аўкцыёна намалявалі разам гродзенскія мастакі, літоўскія і польскія дыпламаты і дзеці з Гродзенскага дзіцячага хоспіса падчас акцыі «Хвалі дабрыні».

«Прыгожы фінал цудоўнай справы»

Так назвала вечарыну ў Кронане мастацтвазнаўца Наталля Паўленка, адна з арганізатарак пленэру. Па яе словах, акцыя стала падзеяй у культурным жыцці горада. Упершыню над стварэннем карцін працавалі разам каманды з мастакоў, дыпламатаў і дзяцей. «Карціны ствараліся „а-ля прыма“, значыць — адразу. З прафесіяналамі малявалі і тыя, хто раней не спрабаваў нічога падобнага рабіць.»


Імпрэсіянізм у Гродне. Як мастакі, дыпламаты і дзеці з хоспіса разам пісалі карціны


«Найперш, гэта працы працы дзяцей, сумесная творчасць. Мастакі толькі кіравалі працэсам, трохі падказвалі», — расказвае адзін з удзельнікаў пленэру, Аляксандр Сільвановіч. — Добра, што гэта акцыя скончваецца такім вынікам".

На думку мастака Сяргея Грыневіча, дабрачынны аўкцыён — гэта не той выпадак, каб супернічаць паміж сабой у прафесіяналізме праз кошты прац. «Распродаж у гэтым выпадку — прыемны бонус для нас і для пакупнікоў. Справа ў самой акцыі, у магчымасці падтрымаць дзяцей з хоспіса».

«Калі нейкая з прац прадаецца даражэй, мы толькі парадуемся, бо ўсе сабраныя грошы пойдуць на дапамогу дзецям», — дадае Вацлаў Рамашка. — У гэтыя карціны столькі эмоцыяў і энергіі укладзена, што яны напэўна прынясуць пакупнікам вялікую радасць".

У адрозненні ад калегаў, Вацлаў Спорскі прызнаўся, што вельмі хвалюецца. Для яго удзел у дабрачыннай акцыі такога кшталту — першы досвед. «Тэма хваляў, тэма вады - гэта таксама і пра людзей. Чалавек на вялікую частку складаецца з вады, вада ажыўляе. Хочацца, каб нашыя „Хвалі дабрыні“ таксама ажывілі ў Гродне справу дабрачыннасці».

«Падзяліцца ўдачай, каб яна вярталася»

Ахвяраванні для дзіцячага хоспіса зрабілі ўсе ўдзельнікі вечарыны — уваход быў платны. За квіткі заплацілі 3220 рублёў. Яшчэ 7900 рублёў сабраў аўкцыён па продажы карцін. Самым дарагім лотам стала сумесная праца Евы Карута з дзіцячага хоспіса, якая малявала разам з мастаком Андрэем Філіповічам і консулам з Польшчы Багданам Эмерле.

Працу набыў Васіль Яварчук, бізнесмен у сферы інфармацыйных тэхналогій, заплаціўшы за яе 2100 рублёў. Ён назваў карціну «Усё вяртаецца» і патлумачыў назву:

«Тое, што мы з вамі тут знаходзімся, азначае, што нам у жыцці шанцавала. Некаму з нас пашанцавала нарадзіцца ў добрай сям'і і ў дзяцінстве граць на піяніна ды займацца з рэпетытарамі, некаму пашанцавала мець добрую памяць. Нам усім шмат разоў шанцавала ў кар’еры, выпадала аказацца у патрэбны час у патрэбным месцы. Удача, на маю думку, любіць, каб ёй дзяліліся. Хачу параіць - калі карыстаецеся ўдачай, дапамагайце тым, каму зараз горш. Тады ўдача да вас вернецца, як на гэтай карціне, дзе усё вяртаецца».

Васіль Яварчук расказаў, што не першы раз удзельнічае ў дабрачынных праектах і раней таксама дапамагаў дзіцячым дамам, універсітэтам і школам. «Гэты аўкцыён для мяне — добрая нагода дапамагчы дзіцячаму хоспісу. Дабрачыннасць — шляхетная справа. Мне падаецца, што гэта не трэба рабіць інкогніта. Пра дабрачыннасць абавязкова трэба расказваць, паказваць іншым прыклад, што так можна і трэба рабіць».

«Калі свет чакае цудаў, іх трэба рабіць»

Па словах Андрэя Ярашэвіча з Гродзенскага гарвыканкама, сімвалічна, што арганізатары прымеркавалі імпрэзу да перадкаляднай пары. «У гэты час сэрцы напаўняюцца цяплом і хочацца зрабіць штосці прыемнае сваім блізкім. Добра, што ў гэты час не забыліся і на тых, каму дапамога патрэбна ў тысячу разоў больш, бо яны не маюць тых магчымасцяў, што мы маем. Перад калядамі ўвесь свет чакае цудаў. Сёння ў Гродне таксама атрымалася стварыць цуд і падзяліцца дабрынёй».

Апошнія запісы

Святар з Гродна сустрэўся з новым Папам Львом XIV

Айцец Андрэй Крот з Гродна быў у дэлегацыі беларускіх святароў, якая сустрэлася з новым пантыфікам.…

14 мая 2025

На пляжы ў Ласосна ўсталявалі «празрыстую» распранальню

Фатаграфія кабінкі для перапранання на пляжы ў Ласосна патрапіла ў рэдакцыю Hrodna.life. Драўляныя балкі ў…

14 мая 2025

Гродзенку Вольгу Вялічку выключылі з Каардынацыйнай Рады. Яна даведалася пра гэта выпадкова

Псіхолага і дырэктарку ліквідаванага Гродзенскага дзіцячага хоспісу Вольгу Вялічку выключылі са спісу дэлегатаў Каардынацыйнай Рады…

14 мая 2025

Беларус выратаваў бусляня і выклікаў хвалю спрэчак. Ці можна вяртаць птушанят у гняздо?

Мужчына вяртае ў гняздо буслам птушаня, якое выпала, - такое відэа ў апошні тыдзень набірае…

14 мая 2025

У Гродне пройдзе штогадовы гарадскі выпускны — будзе больш за 2,6 тыс. удзельнікаў

Гарадскі выпускны пройдзе 13 чэрвеня на Савецкай плошчы. Запланавана ўрачыстае шэсце і выступленні беларускіх артыстаў.…

13 мая 2025

Mrs Globe з Гродна Лана Глумакова напісала кнігу пра «жаночы магнетызм»

Заснавальніца рэкламнага агенцтва "На ўра" і ўдзельніца конкурсаў прыгажосці Лана Глумакова выпускае кнігу "Жаночы Магнетызм…

13 мая 2025