На літоўска-беларускай мяжы кантрабандысты выдавалі сябе за рыбакоў і ў надзіманую лодку замест паветра надзьмулі цыгарэт. У чацвер 12 снежня побач з Браслаўскімі азёрамі на возеры Апіварда, па якім праходзіць літоўска-беларуская мяжа, літоўскія памежнікі назіралі такую карціну. Аўтамабіль з прычэпам, на якой была лодка, пад’ехаў да возера з літоўскага берага. У гэтых месцах часта ловяць рыбу і гэта не забаронена, у тым ліку з выкарыстаннем лодак, паведамляе euroby.info.
У гэты час да берага прычаліла іншая лодка з «капітанам» на борце, які хутка пакінуў свой карабель, перасеў у новую прывезеную лодку і сплыў назад па вадзе ў бок Беларусі.
Такі абмен лодкамі зацікавіў літоўскіх памежнікаў і «рыбака», які застаўся на літоўскім беразе з новай прывезенай яму лодкай, было вырашана дагледзець. Унутры надзіманай лодкі, якая прыйшла з Беларусі, замест паветра былі цыгарэты беларускай вытворчасці ў колькасці 7 000 пачкаў Minsk Capital.
У дачыненні да затрыманага літоўца пачата расследаванне па факце незаконнага захоўвання падакцызных тавараў.
Дарэчы, беларускія памежнікі паведамілі, што ў гэты дзень на сваім беразе затрымалі беларуса, які прыплыў на надзіманай лодцы. Мужчына патлумачыў свае дзеянні тым, што ўбачыў рыбака на процілеглым беразе вадаёма і проста вырашыў падысці да яго для камунікацыі. У дачыненні да беларуса распачаты адміністрацыйны працэс за спробу незаконнага перасячэння мяжы.