У 2016 годзе ў мінскім выдавецтве «Адукацыя і выхаванне» выйшла кніга вядомай дзіцячай пісьменніцы Алены Масла «Мяне завуць Лахнэска» — маляўнічая казка для малых з ілюстрацыямі мастачкі Аксаны Аракчэевай. У бібліятэках кніга запатрабавана чытачамі. Але не кожны маляня зможа ўбачыць гэтыя ілюстрацыі.
— Напрыклад, дзецям з парушэннямі зроку тэкст казкі могуць прачытаць дарослыя, а вось якая яна, гэтая самая Лахнэска, як растлумачыць? — піша Наталля Наземцава, загадчыца аддзела Гродзенскай гарадской цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы.
Сацыяльна-культурная ўстанова «МоцАрт» вырашыла зрабіць выданне, даступнае для невідушчых дзяцей. Тэкст у ім будзе надрукаваны шрыфтам Брайля. Аўдыёверсію кнігі прачытае Народны артыст Рэспублікі Беларусь Віктар Манаеў, акцёр Купалаўскага тэатра. А тактыльную версію старонкі зробяць гродзенскія бібліятэкары, майстрыхі Ірына Вараб’ёва і Іна Сотнікава, чые працы не раз займалі прызавыя месцы на розных абласных конкурсах.
Каб ідэя ажыццявілася, трэба дапамагчы праекту. Для гэтага дастаткова на старонцы праекта на сайце СКУ «МоцАрт» ў АРІП зрабіць пасільны плацёж. Ён займае ўсяго хвіліну.
1. Трэба выбраць «Аплата у АРІП па кодзе паслугі», увесці код 4 416 281
2. Увесці код праекта № 15
3. Увесці Прозвішча, імя
4. Увесці суму плацяжу і ажыццявіць плацёж. Інфармацыя на сайце з’явіцца на наступны дзень.
Кніга патрапіць у тым ліку ў Гродзенскую спецшколу-інтэрнат для дзяцей з парушэннямі зроку.
Імя кожнага спонсара абавязкова будзе паказана ў кнізе. А тых, чый ўклад будзе больш за 50 рублёў, чакае асобны падарунак — аўдыёдыск з запісам казкі і з аўтографамі аўтара, мастака і артыста. Больш падрабязна — тут.