Беларускія вытворцы ў сферы мэблі і дрэваапрацоўкі, вытворчасці з пластмас, тэкстылю, шкла і металу сустрэліся з прадстаўнікамі IKEA ў Гродне. У СЭЗ «Гроднаінвест» 10 снежня прайшла канферэнцыя «Вядзенне бізнесу з IKEA».

На сустрэчы сабраліся 96 беларускіх удзельнікаў - ад ІП да дзяржпрадпрыемстваў. На канферэнцыі распавялі пра гісторыю IKEA і яе прынцыпы, а таксама абмеркавалі магчымасці супрацоўніцтва.

IKEA в Беларуси

IKEA ў Беларусі ўжо 20 гадоў

У IKEA існуе восем падраздзяленняў закупак, якія знаходзяцца ў 25 краінах. Ва Усходняй Еўропе ёсць офісы ў Мінску, Варшаве і Празе. Восем падраздзяленняў - гэта каля 4500 супрацоўнікаў, якія працуюць з 1600 пастаўшчыкамі.

У гэтым годзе споўнілася 20 гадоў IKEA ў Беларусі. У мінскім офісе працуюць 10 чалавек, якія працуюць з 12 пастаўшчыкамі з чатырох краін. Аб’ём закупак за 2019 год — больш за 130 млн еўра, і гэта на 20% больш, чым годам раней. Сёння пастаўшчыкі вырабляюць 223 артыкула, якія пастаўляюцца амаль ва ўсе краіны, дзе ёсць IKEA. Бізнес-партнёры IKEA ўжо інвеставалі ў Беларусь 250 млн еўра і працэс прыцягнення новых інвестараў працягваецца.

IKEA в Беларуси

Што беларускія фірмы ўжо вырабляюць для IKEA

Сталы з Беларусі пастаўляюцца па ўсім свеце і ёсць у 66% крам. 98% сталоў ідзе для расійскага рынку. У IKEA можна купіць гадзіннікі з Беларусі, якія не робіць больш ніхто. Яны ідуць на польскі і нямецкі рынкі.

Прадукцыю з Беларусі можна знайсці пад маркамі BRIMNES, VISCHAN, BJURSTA, GRIMHULT.

Чаму хочуць працаваць з Беларуссю?

Арганізатары лічаць, што Беларусь мае велізарны патэнцыял для супрацоўніцтва. У нашай краіне ёсць вопытныя супрацоўнікі і досыць нізкія кошты працоўнай сілы. А таксама неабходныя сыравінныя рэсурсы і выгаднае геаграфічнае становішча — Мытны саюз з РФ і наяўнасць свабодных эканамічных зон. Таму ў планах стварыць новыя канкурэнтаздольныя магутнасці як мінімум на 200 млн еўра і займець не менш за 10 мясцовых пастаўшчыкоў.


Чытайце таксама: У Гродне пабудуюць мэблевую фабрыку для патрэб IKEA


Год таму праходзіла мерапрыемства для інвестараў IKEA пад назвай Go Belarus. Пастаўшчыкі кампаніі з Прыбалтыкі, Швецыі, Польшчы і Кітая даведаліся, як і ў якія кірункі можна інвеставаць у Беларусі.

Што хочуць закупляць у Беларусі

У Беларусі IKEA цікавіць катэгорыя «Камфорт» — канапы, матрацы, офісныя крэслы. IKEA гатовая ўкласці як мінімум 80 млн еўра ў развіццё катэгорыі. Акрамя гатовых вырабаў, цікавяць і кампаненты — пашыў чахлоў для матрацаў, кампаненты для канапы, вытворчасць пенаполіўрэтану альбо яго заменнікаў, мэблевыя тканіны з фокусам на другасны пашыў, металічныя каркасы.

Таксама цікавіць катэгорыя «Сасна», таму што наша краіна багатая гэтым рэсурсам і ў нас ёсць усе неабходныя сертыфікаты адказнага лесакарыстання.


Чытайце таксама: У Варшаве адкрылі новую IKEA: такой няма больш нідзе ў свеце


IKEA гатовы развіваць супрацоўніцтва па корпуснай мэблі і яе кампанентах, таму што Беларусь вырабляе матэрыялы, якія маюць у сваёй аснове драўніну. У тым ліку гэта можа быць супрацоўніцтва з субпастаўшчыкамі, якія будуць пастаўляць кампаненты пастаўшчыкам. У катэгорыю ўкладуць мінімум 70 млн еўра.

Цікавяць кампанію кухні па даступных цэнах, кухонныя фасады і кампаненты (на 20 млн еўра) з металу, пластыка, драўніны, ракавіны з кампазітных матэрыялаў. А таксама катэгорыя «Кераміка і шкло». У вялікіх аб’ёмах (прыкладна 5 млн еўра) гатовыя закупляць керамічныя гаршкі і дэкаратыўныя вырабы. У вырабы са шкла гатовыя ўкласці 25 млн еўра. Добра, калі гэта будзе другаснае шкло. Таксама для IKEA будзе вырабляць гадзіннікі «Луч», а іншыя кампаніі могуць вырабляць кампаненты для вырабаў.

Як пачаць супрацоўніцтва з IKEA?

Для пачатку трэба запоўніць анкету на сайце. Гэта першы крок да супрацоўніцтва. IKEA мае непасрэдны кантакт з пастаўшчыкамі. Яна ж забяспечвае лагістыку. IKEA развівае супольнасць пастаўшчыкоў у Беларусі: яны сустракаюцца два разы ў год і дзеляцца вопытам.

IKEA в Беларуси

У стратэгіі IKEA ёсць Этычны кодэкс пастаўшчыка — IWAY. Гэта мінімальныя патрабаванні, якія датычацца навакольнага асяроддзя, сацыяльных і працоўных правоў работніка, а таксама збор правілаў датычна закупкі прадукцыі, матэрыялаў і паслуг. Гэта ўступныя патрабаванні да пастаўшчыкоў перад пачаткам супрацоўніцтва. А таксама спосаб падзяліцца сваімі каштоўнасцямі і аказаць пазітыўны ўплыў праз вядзенне бізнесу.

У прыватнасці, гэта недапушчэнне дзіцячай працы, стварэнне бяспечных умоў працы і такіх умовах, якія не будуць ствараць небяспеку для навакольнага асяроддзя. Стандарт грунтуецца на міжнародных дагаворах і канвенцыях, яго важная частка — мясцовае заканадаўства. Так што ў кампаній-пастаўшчыкоў не павінна ўзнікнуць праблем з укараненнем IWAY. Да таго ж, дакумент можа мяняцца, у тым ліку, на аснове вопыту пастаўшчыкоў.

Што пра гэта думаюць гродзенцы?

— Канферэнцыя карысная тым, што ёсць магчымасць малому і сярэдняму бізнесу Гродзенскай вобласці знайсці сабе партнёраў у выглядзе IKEA. Гэты брэнд даўно працуе, мае развітую гандлёвую сетку, развітую інфраструктуру ў плане лагістыкі. За кошт гэтага ў іх зніжаецца сабекошт тавараў. І наш малы і сярэдні бізнес можа спакойна конкураваць з партнёрамі з-за мяжы за кошт беларускага патэнцыялу, — кажа Алег Шыраеў, дырэктар Гродзенскай абласной установы фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў. — У нас кваліфікаваныя спецыялісты і яны могуць добра рабіць тую прадукцыю, якая неабходная менавіта IKEA. А IKEA за гэта гатовая плаціць цалкам добрыя грошы. У прынцыпе, хімічныя вытворчасці ў горадзе ёсць, шкляная — ёсць, дрэваапрацоўка ў нас вельмі добра ў вобласці развітая. Таму патэнцыял сапраўды вельмі вялікі.

— То бок, не вельмі паспяховае пакуль прадпрыемства можа за кошт гэтага рэабілітавацца?

— Так, справа ў тым, што IKEA мае сваю палітыку ў частцы вытворчасці і аховы працы — а менавіта, аптымізацыі вытворчых працэсаў. Гэта значыць на прадпрыемствах у нас можа быць не дастаткова аптымізаваны працэс працэс — вельмі вялікая затратная частка: штат разадзьмуты, выкарыстанне ручной працы замест аўтаматызацыі ці наадварот.

Спецыялісты IKEA кансультуюць анлайн і могуць выехаць на вытворчасць паглядзець. Калі сапраўды будзе магчымасць, яны дапамогуць пераўтварыць структуру вытворчасці, лагістыку альбо кіраванне. І прадпрыемства цалкам можа выехаць на прыбытковы ўзровень вытворчасці.


Что гродненские компании могут продавать IKEA


IKEA з’явілася ў 1943 годзе. Цяпер кампанія мае 435 магазінаў у 52 краінах свету. Толькі ў мінулым годзе адкрылі 19 крамаў і два новыя рынкі - Індыя і Латвія. Абарот бізнесу склаў 41,3 млрд еўра. Наведалі крамы 1 мільярд чалавек. У планах у кампаніі ахапіць 3 мільярды чалавек.

Як кажуць прадстаўнікі, паспяховай IKEA робіць асаблівая філасофія і прынцыпы. Гэта шырокі асартымент і продаж спадарожных тавараў. У IKEA хочуць рабіць унікальны прадукт з дэмакратычным дызайнам, які будзе якасным, функцыянальным, даваць задавальненне і рабіць паўсядзённае жыццё прасцей. Пры гэтым хочуць захаваць даступны кошт і беражлівыя адносіны да планеты і людзей.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life