Адпаведная ініцыятыва ўжо распрацавана беларускім урадам. Пра гэта 9 снежня ў час круглага стала па дэмаграфічнай бяспецы заявіла міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч.
Паводле яе словаў, з 1 студзеня 2020 пачне дзейнічаць абноўленая версія праграмы «Сямейны капітал», згодна з якой шматдзетныя сем'і атрымліваюць фінансавую дапамогу ад дзяржавы.
Памер гэтай дапамогі за нараджэнне трэцяга і кожнага наступнага дзіцяці складзе 22 500 рублёў. Цяпер гэтыя сродкі можна будзе датэрмінова выкарыстаць на набыццё або будаўніцтва жытла, адукацыю любога чалавека з сям'і і паслугі медыцыны.
Таксама ёсць ідэя стымуляваць грашыма хуткасць нараджэння дзяцей. «Прапрацоўваецца пытанне такой дапамогі тым мамам, якія ў кароткатэрміновым перыядзе, на працягу 3−4 гадоў, паспяваюць нарадзіць другое і наступнае дзіця», — сказала міністр пра ідэю «бонуса за хуткасць».
Праграма сямейнага капітала дзейнічае ў Беларусі з 2015 года. За гэты час шматдзетным сем’ям было пералічана каля 750 млн долараў. Атрымаць такі капітал сям’я можа толькі 1 раз.
На думку некаторых экспертаў, рэалізацыя праграмы сямейнага капітала мае і негатыўныя наступствы.
У Беларусі вырасла колькасць сем’яў, якія нараджаюць дзяцей менавіта для атрымання дзярждапамогі і гэтыя грошы часта з’яўляюцца адзінай крыніцай даходу ў сям'і. Пры гэтым умовы, у якіх гадуюцца дзеці ў такіх сем’ях, часта зусім не спрыяльныя для шчаслівага дзяцінства.
Рашэнне павялічыць дапамогу грунтавалася на выніках даследавання «Пакаленне і гендар», якое праводзілася падчас рэалізацыі праграмы міжнароднай тэхнічнай дапамогі ЮНФПА, піша БелТА. «Калі сем'і кажуць, што не плануюць раней 29 гадоў мець першае дзіця, гэта паказвае, што мы павінны перафарматаваць свае меры падтрымкі», — адзначыла Ірына Касцевіч. Яна звярнула ўвагу, што жанчыны старэйшага пакалення нараджалі ў сярэднім з 20 да 40 гадоў, у сучасных мам гэты тэрмін скараціўся на 10 гадоў - з 30 да 40.