Завяршыць пераезд і ўладкавацца на новым месцы плануюць у студзені будучага года. Цяпер бібліятэка імя Карскага знаходзіцца на вуліцы Карбышава, 17, у былым будынку Нацыянальнага банка. Нягледзячы на пераезд, бібліятэка не зачынялася ні на адзін дзень, распавядае grodnonews.by.
Наваселле адзначаць днём адчыненых дзвярэй, а першы час для жадаючых будуць праводзіць экскурсіі. Не заблудзіцца таксама дапаможа інфармацыйны стэнд на першым паверсе. Актыўна ў калектыве абмяркоўваюць тэматыку выстаў, якія адкрыюць на другім паверсе. Абавязкова там знойдзе адлюстраванне гісторыя новага будынка бібліятэкі, пабудаванага ў 1931 годзе.
На самім будынку толькі-толькі з’явіліся шыльды з назвай бібліятэкі. Хутка над уваходам з’явіцца надпіс «БІБЛІЯТЭКА», які падсвецяць.
— Аб нашым пераездзе шмат пісалі і здымалі сюжэты сродкі масавай інфармацыі. Так што, думаю, гродзенцы ведаюць, што мы пераехалі, — распавядае дырэктар Лідзія Мальцава. — Акрамя таго, нашы супрацоўнікі папярэджвалі чытачоў, калі ўжо можна прыходзіць па новым адрасе, каб здаць кнігі і ўзяць новыя. Усе паставіліся з разуменнем. І нават болей: вельмі шмат людзей адгукнуліся на нашу просьбу аб дапамозе і дапамаглі з пераездам.
Агульная плошча будынка — каля 3000 квадратных метраў, бібліятэка зойме прыкладна 2300. Гэта больш, чым было ў замку. Дырэктар Лідзія Мальцава праводзіць экскурсію і захоплена распавядае, дзе што будзе размяшчацца. Не адзін дзень сышоў на тое, каб усе спланаваць і ўлічыць мноства фактараў, у тым ліку функцыянальнасць, зручнасць і яе асабіста жаночае «вельмі хочацца зрабіць прыгожа». Прапрацоўваецца пытанне стварэння безбар’ернага асяроддзя для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.
Займае бібліятэка 1-й, 2-й, 3-й, 5-й паверхі і падвальныя памяшканні.
Што да першага паверха, адразу направа ад уваходу, дзе часова размясціліся некалькі аддзелаў, будзе гардэроб, сектар рэгістрацыі чытачоў, інфармацыйна-бібліяграфічны аддзел, а таксама аддзел краязнаўства. Прадугледжана невялікая зала для камерных мерапрыемстваў.
Галоўным для чытачоў стане другі паверх. Сюды вядзе шырокая лесвіца з масіўнымі парэнчамі. Падняўшыся па ёй, наведвальнікі перш за ўсё ўбачаць зону адпачынку з сіняй мэбляй. Гэтую зону плануецца ўпрыгожыць цікавымі выданнямі, самаробнымі кнігамі, макетамі помнікаў архітэктуры Прынямоння, лялькамі - вядомымі літаратурнымі героямі. Будуць праходзіць выставы, у першую чаргу — літаратуры. Атрымаецца атмасферная зона рэлаксу, дзе можна спакойна пагартаць кнігу і выбраць, што ўзяць з сабой.
Злева — чытальная зала і зала перыёдыкі. Свежыя выданні будуць захоўвацца тут, а вось за архіўнымі можна самастойна спусціцца ў падвальнае памяшканне. Каб не насіць цяжкія падшыўкі газет, унізе уладкуюць працоўнае месца. Па традыцыі ў чытальнай зале будуць праходзіць прэзентацыі новых выданняў. Справа ад уваходу — аддзел абанемента. Побач — два дзіцячыя пакоі для гульняў, дзе дзеткі змогуць весела правесці час, пакуль дарослыя выбіраюць кнігі. Тут жа з’явяцца некаторыя элементы мульціцэнтра «Совушка», які працуе на базе дзіцячага філіяла. Будуць робататэхніка, лега і іншыя развіваючыя гульні.
Далей — яшчэ адно ўтульнае памяшканне для працы з кнігамі. На гэты раз — рэдкімі. Тут кожнаму наведвальніку выдадуць па пары пальчатак, каб абараніць старажытныя выданні. А захоўвацца яны будуць у пакоях-сейфах за 40-сантыметровымі металічнымі дзвярыма. Там, дзе раней надзейна захоўваліся грошы і каштоўныя металы.
Асноўнае кніжнае сховішча размясцілася на пятым паверсе і ў падвальным памяшканні. Яго агульная плошча — каля 430 метраў квадратных. Пад рэвізію патрапяць прыкладна 500 тысяч выданняў - гэта фонд бібліятэкі без уліку некалькіх філіялаў. Збояў быць не павінна, бо звязваліся і перавозіліся кнігі і перыёдыка ў строгай паслядоўнасці, каб не парушыць сістэму. І тое, як хутка бібліятэкары знаходзяць патрэбнае выданне, кажа, што ўсё было зроблена слушна.
— Адна з найважнейшых функцый сучаснай бібліятэкі - забяспечыць захоўванне кніг. І мы як абласная бібліятэка з’яўляемся галоўным кнігасховішчам рэгіёну. Цяпер у нас з’явілася добрае і умяшчальныя кнігасховішча з прыдатным тэмпературна-вільготнасным рэжымам, — тлумачыць дырэктар. — Сусветная практыка такая, што ў адкрытым доступе знаходзіцца толькі невялікая частка фонду — тое, што больш чытаюць. Астатняе — у кнігасховішчах.
Аднак гэта не значыць, што кнігі не даступныя. Іх таксама можна браць і чытаць. Проста ляжаць яны не «пад рукой».
Другое жыццё кніг
У планах Лідзіі Мальцавай — стварыць у бібліятэцы алічбавальны цэнтр. Праца па аблічбоўцы рэдкіх выданняў ужо ідзе ў Беларусі, і гэта — адно з важных напрамкаў. Так, шырокаму колу чытачоў становяцца даступныя выданні, многія з якіх у краіне — у адзіным экземпляры.
— Плануем рабіць аблічбоўку кніг не толькі з фондаў нашай бібліятэкі, культавых устаноў, але і прыватных калекцый. Мы даўно супрацоўнічаем з многімі прыватнымі калекцыянерамі, робім сумесныя выставы. І яны гатовыя даць для перакладу ў лічбу рэдкія выданні, тым больш, у многіх ёсць цікавыя кнігі, якімі не валодае нават Нацыянальная бібліятэка, — адзначыла Лідзія Мальцава.
Таксама ў новым будынку з’явіцца пераплётная майстэрня. Гэта вырашыць праблему рэстаўрацыі старых кніг для ўсіх бібліятэк вобласці. Сюды ж можна будзе прынесці любімае выданне з хатняга збору кніг, якое хочацца захаваць для нашчадкаў. Акрамя таго, нярэдка ў бібліятэку звяртаюцца з просьбай зрабіць сямейны альбом. Тут ёсць мастак, так што і такую ідэю можна будзе лёгка рэалізаваць.
Новы сувенір у выглядзе "раскладанкі" са знакавымі аб'ектамі Гродна ствараюць улады. Яго выканаюць у выглядзе…
Некалькі сотняў Дзядоў Марозаў, Снягурак, сабачак, вавёрачак і разнастайных іншых персанажаў 20 снежня прайшлі ад…
Трохпакаёвая кватэра знаходзіцца на вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў. Сцены ў ёй абвешаныя рэпрадукцыямі, дзвярныя праёмы выкананы…
Спецыяльнае праграмнае забеспячэнне для сачэння за актыўнасцю ў камп'ютарах закупляе Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі…
У Гродне рэканструююць тэрыторыю, прылеглую да вадаёма па вул. Рэпіна. Там жа ўладкуюць дзіцячую інклюзіўную…
У Гродне адкрылася выстава, прысвечаная мясцоваму ўраджэнцу мастаку Льву Баксту. Экспазіцыю размясцілі ў харальнай сінагозе,…