Беларуская чыгунка ўводзіць новы графік руху цягнікоў, перадае БЕЛТА.
З 8 снежня пачнуць хадзіць цягнікі №26/25 Гродна—Мінск—Масква і №250/249 Гродна—Санкт-Пецярбург—Гродна. Апошні — з перыядычнасцю раз у чатыры дні. У міжнародных зносінах таксама арганізуюць штодзённае курсіраванне цягнікоў з Гомеля ў Навазыбкаў раніцай і ўвечары.
З’явяцца тры пары цягнікоў міжрэгіянальных ліній бізнес-класа, якія будуць хадзіць па маршруце Мінск—Віцебск. Цягнікі рэгіянальных ліній бізнес-класа Мінск—Баранавічы падоўжаць да станцыі Брэст-Цэнтральны і перавядуць у катэгорыю міжрэгіянальных.
Цягнікі №650 Брэст—Магілёў, №96 Брэст—Масква, №308 Баранавічы—Саратаў, №318 Баранавічы—Караганды, №627 Мінск—Гродна і №658/657 Брэст—Мінск стануць спыняцца на станцыі Гарадзея. А №150 Мінск—Мінеральныя Воды, №302 Мінск—Адлер і №390 Мінск—Анапа — на станцыі Чырвоны Бераг.
Дадаткова пачнуць хадзіць цягнікі рэгіянальных ліній эканомкласа па маршрутах Магілёў—Жлобін, Рагачоў—Гомель, Рэчыца—Гомель, Гомель—Добруш.
Цягнік рэгіянальных ліній эканомкласа №7032 Гудагай—Маладзечна—Мінск, які адпраўляецца ў 5:53, будзе спыняцца на ўсіх станцыях на ўчастку Гудагай—Маладзечна.


