Як ініцыятывам з Гродна стаць бачнымі за межамі краіны? Далучайцеся да глабальнай мапы

Часта людзі робяць добрыя справы, а пра іх ніхто не ведае. Або чалавек хоча паваланцёрыць, а не ведае, як гэта зрабіць і спалучыць са сваімі інтарэсамі. Гэтыя праблемы можа вырашыць Мапа заўтрашняга дня, да якой ужо далучыліся некаторыя гродзенскія і беларускія ініцыятывы.

Ініцыятыва «Фаланстэр» правяла 26 лістапада для гродзенскіх актывістаў мапатон. Там расказалі пра ідэю Мапы заўтрашняга дня і як яна дапаможа актывістам шукаць адзін аднаго і валанцёраў.

Што гэта такое?

Мапа заўтрашняга дня — гэта інтэрактыўная карта, дзе кожны і кожная можа пакідаць інфармацыю пра грамадскія ініцыятывы з розных куткоў Беларусі. Таксама з дапамогай Мапы можна знайсці партнёраў ці арганізацыі, у якіх існуе магчымасць паваланцёрыць. Мапа заклікана зрабіць дзейнасць грамадскіх ініцыятыў больш бачнай для грамадства і напаўняць супольнасці агульнымі намаганнямі.

— Гэта звычайная рэч, што хтосьці кагосьці не ведае. Людзі не ведаюць сваіх суседзяў, ужо не кажучы пра іншы рэгіён. Мы задумаліся: а як бы так зрабіць усіх бачнымі, каб можна было разам нешта ствараць? — кажа Юлія Сакалоўская, удзельніца праекта. — Каб бачылі і вы самі сябе, і вашы суседзі, і валанцёры. Калі вы будзеце бачыць адзін аднаго, то можаце камунікаваць і разам рабіць івэнты.

Увогуле, мапу прыдумалі ў Германіі. Беларусы вырашылі інтэгравацца ў вялікі праект — глабальную мапу. Кропкі ёсць у Германіі, Беларусі, Расіі, Польшчы, Амерыцы. Беларусь на другім месцы — тут каля 150 кропак з 17 гарадоў і каля 500 праглядаў.

Як гэта працуе?

Мапа працуе па прынцыпах open data i open source. Open data — гэта адкрытыя дадзеныя, якія кожны можа свабодна выкарыстоўваць і перавыкарыстоўваць некалькі разоў. Прынцып open source — гэта калі ўсе дадзеныя, якія ёсць на мапе, будуць адкрытымі і ўсім бачнымі, і ўсе змогуць з імі ўзаемадзейнічаць.

— Мы ўзялі ў адным гатовым праекце частку кода і яго выкарыстоўваем для нашага праекта. Наша мапа ляжыць на сайце, дзе любы чалавек, якому гэта цікава, можа залезці, паглядзець-павыпраўляць ці ўзяць сабе частку кода і выкарыстоўваць бясплатна і свабодна, — тлумачыць Юлія.

Кантэнт ствараецца самімі карыстальнікамі. Любы чалавек можа дадаць на мапу звесткі пра сваю арганізацыю. Ці ёсць магчымасць скажэння дадзеных іншымі людзьмі? Юлія кажа, што яны вераць у людзей і сілу супольнасці. Але ў будучым арганізацыям можа прыходзіць мэйл пра рэдагаванне звестак пра іх ініцыятывы.

Шукаць арганізацыі можна па тэгах і геалакацыі. У будучыні на мапу можна будзе дадаваць мерапрыемствы і ладзіць падпіску на івэнты ад пэўнай ініцыятывы.

Мапай у Беларусі займаецца ініцыятыва «Фаланстэр» — «сацыяльныя гікі», якія хочуць пабудаваць грамадства, у якім будзе ўтульна жыць, як яны самі кажуць пра сябе. Для прасоўвання мапы яны займаюцца хакатонамі і асветніцкай дзейнасцю.

Што ў Гродне з мапай?

Зараз на мапе каля 20 кропак. Іх паболела пасля сустрэчы ў Гродне. На мапатон прыйшло шэсць арганізацый. Сярод іх зааабарончая арганізацыя «Адчыненыя клеткі», «Inter», якая займаецца асветніцкай дзейнасцю сярод моладзі ў пытаннях фемінізму, гендара і ЛГБТ, РМГА «Встреча», якое працуе з мужчынамі, якія маюць сэкс з мужчынамі, «Крок насустрач», якая займаецца інтэграцыяй людзей з інваліднасцю і без інваліднасці старэйшых за 18 гадоў, «ВелаГродна», а таксама «Трэці сектар» і «Студыя карысных кампетэнцый», якія працуюць у сферы дадатковай адукацыі.

Прадстаўнікі ініцыятываў паскардзіліся, што «ў Мінску вечна „дзвіж-Парыж“, а мы сядзім такія… У Мінск пераехаць, ці што?». Аляксандр з РМГА «Встреча» адзначыў, што ў Брэсце ўсе ведаюць адзін аднаго, а тут «новыя ўсе твары». Удзельнікі сустрэчы падзяліліся адзін з адным тэлеграм-каналамі, дзе можна прасоўваць свае івэнты. Напрыклад, можна выкарыстоўваць «Grodno Meetups для котиков», «Варушыся», «Дело молодое», «AduLife», «Не благодари».

Маргарыта з арганізацыі «Крок насустрач» кажа, што яны ўжо думалі пра анлайн-прастору для валанцёраў, дзе можна будзе фільтраваць сферу і знайсці арганізацыі па інтарэсах. А таксама што яны маюць праблемы з распаўсюдам сваіх мерапрыемстваў.

— Мы — ініцыятыўная група, усе нашыя валанцёры — гэта нашыя ж удзельнікі. Мы зараз рыхтуем мерапрыемства і спрабуем распаўсюдзіць пра яго інфармацыю. Але бачым, што ў нас пакуль вельмі слабая аддача. Сёлета мы наведалі курсы піяру. І я вельмі радая, што ў нас ёсць тэлеграм-каналы, дзе таксама можна сябе піярыць. Часам сапраўды важная падтрымка менавіта з боку іншых арганізацый, — кажа Маргарыта.

Аляксандр жа кажа, што ў іх столькі валанцёраў, што цяжка прыдумваць для іх заданні. Поспех, лічыць ён, у змене падыхода.

— Мы раней прапаноўвалі, але не пыталі. А калі мы пераламалі наш падыход і пачалі пытаць, аказалася, што тое, што мы прапаноўваем, абсалютна не патрэбна. Нашы каналы камунікацыі не пасуюць, людзям нязручна. Мы спыталі: чаму не так шмат людзей на мерапрыемствах? І атрымалі зваротную сувязь, як наведвальнікі гэта бачаць. І тады мы перабудаваліся, і вынік вельмі добры, — кажа Аляксандр.

А што далей?

Стваральнікі мапы наведалі 17 гарадоў. «Гэта пілотны прадукт з багамі. Мы ездзім, запрашаем арганізацыі, каб зразумець, наколькі патрэбны гэты прадукт, што ў ім трэба змяніць. Ідзе пастаянная праца», — кажа Юлія.

Яна задаволеная вынікамі паездкі ў Гродна.

— Для нас важная не колькасць, а якасць, а якасць была адменная, я бачыла уцягнутасць і зацікаўленасць удзельнікаў. Вельмі крута, што намацоўваецца кааперацыя. Сёння было заўважна, што паміж людзьмі усталяваліся сувязі. І гэта вельмі важна, бо мэта мапы — каб усталёўваліся сувязі і паглыблялася кааперацыя.

Зараз збіраецца база ініцыятываў, якія гатовы да вясны тэсціраваць фішкі і новаўвядзенні мапы. «А вясной мы гэта перамазгаштурмім, зрузумеем, як усё працуе і што патрэбна. Паедзем другой хваляй і будзем старацца максімальна разказваць пра сябе», — кажа Юлія.

Стваральнікаў асабліва цікавяць ініцыятывы па-за межамі гарадоў - у раёнах і вёсках: «Трэба, каб уся Беларусь была ў кропках!».

Калі вы хочаце патэсціраваць мапу, то 5 снежня пройдзе вебінар для ініцыятываў. Таксама можна прыняць удзел у журналісцкім конкурсе.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Улады зробяць «раскладанку» са славутасцямі Гродна. Што туды патрапіла?

Новы сувенір у выглядзе "раскладанкі" са знакавымі аб'ектамі Гродна ствараюць улады. Яго выканаюць у выглядзе…

22 снежня 2024

У Гродне прайшоў парад Дзядоў Марозаў і Снягурак

Некалькі сотняў Дзядоў Марозаў, Снягурак, сабачак, вавёрачак і разнастайных іншых персанажаў 20 снежня прайшлі ад…

21 снежня 2024

Нерухомасць тыдня: у Гродне прадаюць кватэру «калекцыянера» з электракамінам

Трохпакаёвая кватэра знаходзіцца на вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў. Сцены ў ёй абвешаныя рэпрадукцыямі, дзвярныя праёмы выкананы…

21 снежня 2024

І нават ICQ. Ва ўстанове Гродна будуць сачыць за перапіскамі супрацоўнікаў

Спецыяльнае праграмнае забеспячэнне для сачэння за актыўнасцю ў камп'ютарах закупляе Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі…

21 снежня 2024

Ля сажалкі на Рэпіна з’явіцца дзіцячая інклюзіўная пляцоўка — ужо запланавалі будаўніцтва

У Гродне рэканструююць тэрыторыю, прылеглую да вадаёма па вул. Рэпіна. Там жа ўладкуюць дзіцячую інклюзіўную…

21 снежня 2024

У Гродне з’явіцца музей Льва Бакста? Такую прапанову агучылі ў сінагозе

У Гродне адкрылася выстава, прысвечаная мясцоваму ўраджэнцу мастаку Льву Баксту. Экспазіцыю размясцілі ў харальнай сінагозе,…

20 снежня 2024