Белстат апублікаваў дадзеныя аб размеркаванні насельніцтва па ўзроўні сярэднедушавых наяўных рэсурсаў у II квартале 2019 г. З іх відаць, што 51,6% сем’яў у Гродзенскай вобласці жывуць на суму менш за 500 рублёў на месяц на чалавека.
Ад 500 да 600 рублёў на месяц было ў 16,6% сем’яў вобласці, а на 600−700 рублёў жылі 10,4% сем’яў. Больш за 800 рублёў на расходы па афіцыйнай статыстыцы мелі 14,6% сем’яў Гродзеншчыны.
Затое колькасць тых сем’яў, якія жылі на суму ніжэй бюджэту пражытачнага мінімуму (амаль 232 рубля), склала 3,9%. Год таму гэта было 4,7% ад агульнай колькасці насельніцтва адпаведнай групы.
Даведка
Сярэднедушавыя наяўныя рэсурсы — гэта аб’ём сродкаў, якія мела хатняя гаспадарка для забеспячэння ўсіх сваіх выдаткаў і зберажэнняў, у разліку на члена хатняй гаспадаркі. То бок гэта грошы, якія застаюцца ў сям'і на жыццё пасля выплаты падаткаў і іншых плацяжоў і трацяцца на адзенне, ежу, паслугі і забавы.