На торфабрыкетным заводзе ў Гродзенскім раёне загінуў працоўны. Пры выкананні працы мужчына быў заціснуты паміж элементамі стужкавага канвеера. Атрыманыя траўмы выявіліся несумяшчальнымі з жыццём, паведамілі на tvgrodno.by.
—Цяпер яшчэ рана казаць пра прычыны няшчаснага выпадку, пра поўныя абставіны. Гэта ўсё будзе высветляцца ў час правядзення спецыяльнага расследавання. На першы погляд, канвеер меў неабходную ахоўную агароджу. Таму канчаткова прычыну назваць можна будзе пасля даследавання неабходнай дакументацыі, абстаноўкі на месцы здарэння і таму падобнага, — патлумачыў Віктар Мацкевіч, першы намеснік начальніка Гродзенскага аблупраўлення дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны РБ.
З пачатку года на Гродзеншчыне гэта 20 выпадак гібелі людзей у ходзе вытворчага працэсу. Таксама ў рэгіёне зарэгістравана 80 фактаў траўматызму з цяжкімі наступствамі. Апошні выпадак адбыўся 21 лістапада на прадпрыемстве Ваўкавыскага раёна, дзе пакалечыўся слесар-рамонтнік.
Найбольшая колькасць няшчасных выпадкаў на вытворчасці - каля 30% - фіксуецца ў аграпрамысловым комплексе Прынёмання.