Да новага сезону на Аўгустоўскім канале для турыстаў набываюць 100 ровараў і новы цеплаход, паведамляе БЕЛТА.
Новыя ровары ўжо прыбылі ў Беларусь. Сярод іх ёсць і дзіцячыя, і жаночыя мадэлі, і нават электравеласіпеды. Ужо ў новым турыстычным сезоне іх можна будзе ўзяць напракат для прагулкі па веласіпедных маршрутах ў ваколіцах Аўгустоўскага канала.
Рыхтуецца пакупка цеплахода, які будзе курсіраваць па Аўгустоўскім канале, а магчыма, і па Нёмане. Разлічаны ён будзе на 25−30 пасажыраў. Прэзентуюць судна да пачатку турыстычнага сезону.
Таксама запланавана абнаўленне турысцка-інфармацыйнага цэнтра ў Сапоцкіне. Рамонт тут плануецца завяршыць да канца года. Тут таксама размесцяцца майстэрня і пракат ровараў. Яшчэ два пункты пракату і абслугоўвання з’явяцца ў раёне канала.
«Усё гэта — другая частка праекта „Падтрымка развіцця прадпрымальніцтва ў турызме за кошт развіцця інфраструктуры Гродзенскай вобласці“, які рэалізуецца ўпраўленнем спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама і Гродзенскім райвыканкамам сумесна з Саюзам сельскіх гмін Падляскага ваяводства па праграме „Польская дапамога“. Раней па праекце быў створаны і прамаркіраваны 50-кіламетровы трансгранічны маршрут „АўгустВела“, які звязаў Гродна і беларускую і польскую часткі Аўгустоўскага канала», — распавялі ва ўпраўленні спорту і турызму аблвыканкама.