Вялікае кальцо вакол Гродна плануюць пабудаваць да 2030 года. Будаўніцтва разбіта на пяць этапаў. Першы з іх – рэканструкцыю былога чыгуначнага маста пад аўтамабільны з выхадам на М6 – ужо ўзялі ў працу, паведамляе «Гродзенская праўда».

Цяпер адначасова працуюць над чатырма аб’ектамі пабудовы аб’язной дарогі. На трох з іх задзейнічаны ААТ «Дарожна-будаўнічы трэст №6 г. Гродна» – адзін з генеральных падрадчыкаў рэалізацыі гэтага праекта. Другі – ААТ «Мостабуд» – займецца пераўладкаваннем маста.

Плануецца, што пасля трасы М6 дарога выйдзе на праспект Касманаўтаў. У перспектыве новая «чатырохпалоска» прайдзе ў раёне вуліцы Карскага, затым – па вуліцы Лапенкоўскай з выхадам на жылы раён Грандзічы. Вялікае кальцо будзе мець выхад на дарогу Гродна-Друскенікі і мікрараён індывідуальнай жылой забудовы Баранавічы.


