13 лістапада стала вядома пра прымусовае галасаванне ў медыцынскім каледжы. Куратарка пагражала занізіць бал, адправіць у Астравец ці перавесці ў групу да туркменаў. Прымушаюць галасаваць і людзей на дзяржаўнай працы.

— На участках 51-й акругі былі зафіксаваныя выпадкі прымусу да галасавання. На 12-м участку, дзе знаходзіцца інтэрнат медкаледжа, куратарка хадзіла па інтэрнаце, часам нават з міліцыянтам, і прымушала студэнтаў хадзіць і галасаваць датэрмінова. Яна пагражала тым, што можа занізіць ім бал пры размеркаванні. Пагражала пасля вучобы адправіць у Астравец. І яшчэ адзін варыянт запужвання — студэнта абяцалі перавесці ў «менш прэстыжную групу», дзе навучаюцца туркмены, — кажа Сяргей Верамеенка, каардынатар кампаніі «Права выбару» ў Гродне.

выборы
Фота: harodniaspring.org
Пра гэта сведчылі самі студэнты. Маецца аўдыёзапіс размовы. Нейкіх бонусаў ці выхадных за галасаванне ім не абяцалі - проста пагражалі.

Цягам амаль гадзіны прыйшло галасаваць 120 студэнтаў. Яны прыходзілі на ўчастак у хатніх тапках, шортах. Агульная колькасць выбаршчыкаў на участку — каля 2000. Назіральнікі плануюць накіраваць зварот у пракуратуру.

— На 11-м участку дзве выбаршчыцы скардзіліся на тое, што на працы іх літаральна гналі на выбарчы вучастак. Яны пра гэта сказалі чальцам камісіі, але тыя на гэта ніяк не адрэагавалі. Ёсць відэадоказы іх сведчанняў, — кажа Сяргей.

www.facebook.com/s.n.veremeenko/videos/2 480 600 098 849 358

Па ўсіх выпадках былі напісаны скаргі ва ўчастковую камісію. Ёсць парушэнні і на іншых участках. На ўчастку № 9 да Сяргея груба ставіліся, шантажавалі, прымушалі рэгістравацца як назіральніка, хаця даверанай асобе кандыдата, якой з’яўляецца Сяргей, гэта не патрэбна, не аддавалі пасведчанне.

«Мне тут сказалі прагаласаваць…»

Ці ёсць прымусовае галасаванне ў ГрДУ імя Янкі Купалы? Там знаходзіцца выбарчы ўчастак № 14. Як паведаміў назіральнік, за два дні прагаласавала 120 чалавек, з іх толькі прыблізна 20 — мясцовыя жыхары. Астатнія — іншагароднія студэнты, якія маюць рэгістрацыю па адрасе галоўнага корпуса ўніверсітэта. Наогул, на участку каля 1800 выбаршчыкаў, з іх каля 700 — студэнты.

— У першы дзень прыйшла студэнтка са словамі «Мне тут сказалі прагаласаваць…». Камісія адразу спытала: «А вы самі не хочаце?», — расказвае назіральнік.

Студэнты фізтэха, матфака і ФГКіТа сказалі, што размоваў і просьбаў пра датэрміновае галасаванне не было. Ёсць сведчанні, што прымушаюць галасаваць супрацоўнікаў універсітэта.

выборы

Мэта — забяспечыць яўку?

Члены камісіі тлумачаць высокую актыўнасць студэнтаў жаданнем праявіць грамадзянскую пазіцыю. А таксама тым, што знаходзячыся ва ўніверсітэце, зручней пайсці прагаласаваць, а на выхадныя можна паехаць дамоў. Таксама тлумачаць датэрміновае галасаванне тым, што 17 лістапада, у асноўны дзень выбараў, — Дзень студэнта. Тыя, хто галасуе ўпершыню, атрымліваюць календары ці блакноты ў падарунак. Таксама шмат увагі ад дзяржаўных СМІ з пытаннямі пра грамадзянскую пазіцыю. «Некаторыя некалькі хвілін стаяць перад плакатам з біяграфіямі кандыдатаў - відаць, бачаць іх упершыню».

— Я думаю, што прымусовае датэрміновае галасаванне робіцца для таго, каб забяспечыць яўку. Натуральна, што ў суботу ці няделю большасць людзей захоча адпачыць, схадзіць куды-небудзь, а не на выбарчы ўчастак. Іншагароднія студэнты паедуць дахаты. Падчас асноўнага дня галасавання няма такога вялікага натоўпу. Таму людзей наганяюць заранёў, — лічыць Сяргей.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life