У вайсковай частцы на Фолюшы у Гродне адбыўся пажар. Як паведамляюць у Міністэрстве абароны, узгаранне адбылося на тэрыторыі парку баявых машын у механізаванай брыгадзе.
“У тушэнні прымаюць удзел пажарныя разлікі МНС. Пацярпелых няма. Інфармацыя будзе удакладняцца” – растлумачылі ў Міністэрстве.
А 12:18 у Тэлеграм-канале Мінабароны з’явілася інфармацыя, што пажар ліквідаваны. “Пацярпелых няма. Прычыны ўзгарання высвятляюцца”.
Чытачы Hrodna.life паведамляюць, што выбух быў чутны нават на Вішнеўцы, а блізу 12:40 у бок ВЧ з мігалкамі пранеслася машына Следчага камітэта.
“Міліцыя ачапіла плот з боку школы. Пара пажарных, хуткая, міліцыя. Ужо ўсё ціха”, – расказаў адзін з чытачоў.
Паводле дадзеных аднаго з тэлеграм-каналаў, цалкам згарэлі тры танка, “некалькі боксаў знішчаныя выбухамі”. У Міністэрстве абароны паведамілі інфармацыю пра тое, што тры адзінкі ўзбраення пашкоджаны.

Сёння, 12 лістапада, падняўся вялікі слуп дыму над вайсковай часткай, размешчанай у Гродне ў м-не Фолюш, піша autogrodno.by. На тэрыторыю часткі накіраваліся аўтамабілі МНС і “хуткай дапамогі”.

Слуп дыму падняўся каля 11:20 і ўжо праз 30 хвілін знік. Многія чытачы АвтоГродно паведамлялі, што чулі хлапкі з боку вайсковай часткі.

Ля сценаў вайсковай часткі сабралася вялікая колькасць гледачоў. Людзі назіралі, як на тэрыторыю часткі адзін за другім заязджаюць аўтамабілі МНС.
– Мы налічылі 9 аўтамабіляў МНС і дзве хуткія, – распавядалі мясцовыя жыхары. – Але што там адбылося, не зразумела.
Аўтамабілі хуткай заязджалі на тэрыторыю часткі без спецсігналаў, з’язджалі таксама не спешна.


Інфармацыя будзе дапоўненая.


