Міністар абароны Андрэй Раўкоў адмовіўся дапамагаць сям'і памерлага ад раку Міхала Рыштоўскага. Сям’я хоча атрымаць дакумэнты аб захворваньні і грашовую кампэнсацыю ў сувязі са сьмерцю, >піша s**boda.org.
Міхал Рыштоўскі зь вёскі Трашчы́чы Карэліцкага раёну на Горадзеншчыне служыў у Слоніме каля году. Яго камісавалі сёлета ў траўні з 4-й стадыяй раку страўніка. У ліпені ён памёр. Пасьля сьмерці важыў 45 кіляграмаў.
У войску Міхаіл ня раз скардзіўся на болі, ня мог есьці. Аднак, па словах ягонай сястры Марыі Грыцкевіч, яго падазравалі ў тым, што ён «косіць», і давалі таблеткі ад болю страўніка, замест таго каб абсьледаваць. Сям’я нябожчыка не выключае, што яго забралі ў войска ўжо хворым, не дагледзеўшы стан здароўя.
Марыя Грыцкевіч езьдзіла на асабісты прыём да Раўкова разам з кандыдаткай у дэпутаты па Ўсходняй акрузе ў Менску Натальляй Гарачкай. На размове прысутнічаў спэцыяліст аддзелу пэнсійнага і страхавога забесьпячэньня Міністэрства абароны Віктар Нарковіч.
Пра зьмест размовы расказала сястра памерлага Міхала Рыштоўскага. Яна падняла тры пытаньні:
- каб ён выдалі мэдыцынскія дакумэнты;
- каб выплацілі страхавую кампэнсацыю пасьля сьмерці брата;
- каб армія кампэнсавала выдаткі на пахаваньне.
1. Сям’я ня можа атрымаць мэдыцынскія дакумэнты аб хваробе памерлага салдата
Марыя Грыцкевіч паскардзілася міністру абароны, што ўжо месяц ня можа атрымаць заключэньне вайсковай камісіі аб захворваньні брата — маўляў, яе накіроўваюць з установы ва ўстанову, з аднаго гораду ў другі. У адказ ёй параілі яшчэ раз зьвярнуцца ў ваенкамат з заявай аб выдачы дакумэнтаў і пацьвердзіць сваяцтва. Пра дакумэнты аб сваяцтве раней Грыцкевіч ніхто не казаў. Па ейных словах, ёй катэгарычна адмовіліся выдаваць патрэбныя паперы, бо «не паложана».
2. Сям'і адмаўляюць у страхавой выплаце
Што да страхавых выплат, то Віктар Нарковіч патлумачыў: сьмерць Рыштоўскага — не страхавы выпадак, бо адбылася дома, на той момант Рыштоўскі ўжо не служыў у войску, а ягоная сьмерць не была зьвязаная з выкананьнем службовых абавязкаў.Нядаўна ў вуснай размове сьледчы, які вядзе справу, сказаў Марыі Грыцкевіч, што Міхал атрымаў захворваньне ўжо ў войску. Сястра мяркуе, што захворваньне зьвязанае з выкананьнем ягоных абавязкаў у арміі, што яго кепска лячылі, позна паставілі слушны дыягназ, не перавялі на адмысловае харчаваньне і рэжым у сувязі з хваробай, а значыць, у тым, што брат памёр, вінаватае войска.
Па словах Натальлі Гарачкі, якая працавала 10 гадоў у страхавой кампаніі, выпадак Міхала Рыштоўскага павінен быць страхавым, бо хвароба ўзьнікла ў войску, калі ён выконваў свае абавязкі.
Раней страхавая кампанія адмовіла сям'і салдата ў кампэнсацыі, бо «сьмерць Рыштоўскага не зьвязаная з выкананьнем вайсковай службы». У Белдзяржстраху таксама адзначылі, што Рыштоўскі памёр ня ў войску, а дома.
3. Вайсковая частка не кампэнсавала выдаткі на пахаваньне салдата
Да таго ж Марыя Грыцкевіч паскардзілася, што ніхто з вайскоўцаў ня выказаў сям'і спачуваньне ў сувязі са сьмерцю брата, не прыехаў на пахаваньне і не кампэнсаваў выдаткі на пахаваньне. Андрэй Раўкоў адказаў, што ні ў частцы, ні ў Міністэрстве не абавязаныя былі ведаць пра сьмерць былога ваеннаслужачага, і зьдзівіўся, чаму маці сама пра гэта не паведаміла.
Віктар Нарковіч дадаў, што па заканадаўстве Міністэрства абароны ня можа займацца і гэтымі выплатамі з той жа прычыны — бо Рыштоўскі на момант сьмерці быў камісаваны з войска.
«Дык яго трэба было пакінуць паміраць у войску? Чаму вы яго не пакінулі? Ён і так год там прамучыўся, штотыдзень ляжаў у санчастцы. Вы ж самі ведалі, што ён ня выжыве з такім дыягназам!», — эмацыйна заявіла Марыя Грыцкевіч на прыёме ў Раўкова.
Насамрэч, у сям’ю Рыштоўскага прыяжджалі вайскоўцы зь ягонай былой часткі і прапаноўвалі дапамогу. Аднак гэта здарылася толькі праз 4 месяцы пасьля сьмерці хлопца і адразу пасьля чарговага артыкула ў мэдыя, дзе сям’я скардзілася на адсутнасьць дапамогі з боку вайсковай часткі.
Напрыканцы сустрэчы Андрэй Раўкоў прапанаваў Грыцкевіч дачакацца вынікаў дасьледчай праверкі.
Крымінальную справу па гэтым выпадку не заводзілі. Вынікаў экспэртызы, якая б паказала, калі менавіта захварэў і ад чаго памёр Міхал Рыштоўскі, яшчэ няма.
Сям’я ня хоча чакаць вынікаў праверкі і плянуе зьвярнуцца ў суд, каб дамагчыся справядлівасьці і пакараць вінаватых у сьмерці крэўнага.