Пагадненне пра бязвізавы рэжым паміж ЗША і Польшчай 11 лістапада ўступае ў сілу. Такім чынам, палякі будуць мець права на 3-месячны бязвізавы ўезд у Злучаныя Штаты Амерыкі для бізнесу і турызму. Пра гэта ў сераду, 6 лістапада, афіцыйна заявіў у Варшаве прэзідэнт Анджэй Дуда пасля сустрэчы з амбасадарам ЗША ў Варшаве Джорджэт Мосбахер.

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп ў пачатку кастрычніка афіцыйна ўхваліў уключэнне Польшчы ў праграму бязвізавага ўезду на тэрыторыю ЗША Visa Waiver, піша afn.by. Польшча і ЗША выканалі ўмовы ўсіх двухбаковых пагадненняў, якія тычацца бяспекі, а працэнт адмоваў выдачы візы знізіўся да неабходнага ўзроўню, гэта значыць ніжэй 3 працэнтаў.

Амбасадар ЗША ў Польшчы Джорджэт Мосбахер патлумачыла, што для паездкі ў ЗША грамадзянам Польшчы спатрэбіцца рэгістрацыя.

«Перад паездкай неабходна зайсці на сайт амбасады ЗША ў Польшчы, зарэгістравацца ў электроннай сістэме аўтарызацыі паездак (ESTA) і аплаціць збор у памеры 14 долараў ЗША. На працягу 24 гадзін вы будзеце зарэгістраваныя ў сістэме і вам больш не спатрэбіцца віза «, — паведаміла дыпламат.