Цыферблат новага наручнага гадзінніка «Луч» паўтарае цыферблат вежавага гадзінніка Фарнага касцёла. На адваротным баку выгравіравана Фара Вітаўта. Такіх гадзіннікаў выпусцілі ўсяго 150 штук. Яны паступяць у продаж з 31 кастрычніка.
У стварэнні гадзінніка ўдзельнічаў гродзенскі дызайнер Дзмітрый Гупянец.
«У „Лучы“ ўбачылі мае лога для горада, якія я дасылаў на конкурс турыстычнага брэнда Гродна. Так і з’явілася прапанова аб калабарацыі. Пасля гэтага я стаў думаць аб дызайне. Былі ўсякія варыянты: і на аснове маіх лога, і іншыя. Потым прыйшла ідэя,
а чаму б не зрабіць наш самы стары вежавы гадзіннік Фарнага касцёла бліжэй да рукі? Зірнуў на гадзіннік і ўбачыў у ім сапраўдны горад Гродна», — распавёў Дзмітрый Гупянец.
Дзе і калі купіць «гарадзенскі» гадзіннік «Луч»?
У аддзеле маркетынгу «Луча» распавялі Hrodna.life, што 31 кастрычніка новы гадзіннік можна будзе ўбачыць у фірмовых крамах. У Гродне яны знаходзяцца на вул. Савецкай, 6 і ў ГЦ «OldCity» на вул. Дубко, 17.