Паўстанцкі фэст — штогадовае свята памяці паўстанцаў 1863−64 гадоў - адбыўся ў Свіслачы 27 кастрычніка. Удзельнікі наведалі магілу Віктара Каліноўскага, помнікі Кастусю Каліноўскаму і Рамуальду Траўгуту. А таксама з’ездзілі ў Якушоўку — родавую сядзібу Каліноўскіх, дзе стаіць крыж у гонар паўстанца.
— Апошнія 20 гадоў мы кожны год прыязджаем у Свіслач, каб ушанаваць Кастуся і Віктара Каліноўскіх і іншых паўстанцаў, — расказвае Вадзім Саранчукоў, які ў 2000 годзе прымаў у Якушоўцы прысягу на вернасць Беларусі ў «Маладым Фронце». — Тут знаходзілася родавая сядзіба Каліноўскіх, тут прайшло дзяцінства Кастуся Каліноўскага. І гэта тое самае месца сілы дзе ўсё дыхае беларушчынай, якое павінен наведаць кожны беларус.
Міліцыя выкарыстала дрон
Такім чынам ушаноўваюць памяць паўстанцаў з сярэдзіны 90-х, калі была знойдзена меркаваная магіла Віктара Каліноўскага. Сёлета было каля 40 чалавек — людзі з Гродна, Мінска, Ліды, Ваўкавыска, Свіслачы. Кажуць, за гэты час было па-рознаму: часам прыязджала 2−3 чалавекі, часам — толькі з Гродна выязджала 3−4 аўтобусы. Акцыю ў гэтым годзе сумясцілі з выбарчым пікетам Максіма Губарэвіча, якога зарэгістравалі кандыдатам па Гродзенскай сельскай акрузе № 53.
Штогод на акцыі прысутнічаюць міліцыянты, якія здымаюць удзельнікаў акцыі. Потым актывісты атрымліваюць штрафы. Сёлета міліцыянты нават выкарысталі дрон.
Вярнуць у нацыянальную памяць герояў паўстання
Сёлета ўшанаваць памяць асабліва важна — у год, калі ў Вільні адбудзецца перапахаванне паўстанцаў.
— На жаль, беларуская дзяржава не надае дастаткова ўвагі мерапрыемствам, звязаным з паўстаннем і з асобай Каліноўскага: пачынаючы ад адукацыі і заканчваючы вяртаннем у народную памяць. Таму гэтым займаюцца грамадскія і палітычныя актывісты, каторыя ў сваіх кампаніях спрабуюць ушанаваць мясціны, звязаныя з паўстаннем і максімальна пашырыць інфармацыю пра гэта, — кажа Вадзім.
Сёлета актывісты прысвяцілі паўстанню шмат розных мерапрыемстваў. Адбыўся летнік, на месцах баёў і паўстанцкіх лагераў усталявалі крыжы. Быў запушчаны літаратурны вершаваны чэлендж. Выйшла адноўленая настольная гульня «Паўстанцы». Праводзяцца розныя гістарычныя мерапрыемствы і канферэнцыі. Рыхтуецца інтэрактыўная мапа мясцінаў, звязаных ў паўстаннем.
«Усё гэта ў комплексе павінна быць шэрагам мерапрыемтваў па мемарыялізацыі і вяртанні ў нацыянальную памяць герояў вызвольных паўстанняў. У тым ліку — 1863 года», — кажуць актывісты.
«Гэта апрыёры героі»
Парэшткі сядзібы Каліноўскіх знайшлі ў канцы 80-х. Зараз каля сядзібы ў Якушоўцы знаходзіцца крыж, які стварыў Юрый Мацко. Побач камень з шыльдай у гонар паўстанца. Актывісты кажуць, што ў перспектыве тут паўстане сядзібны комплекс, музей і цэлы мемарыял у гонар паўстанцаў.
— Людзі, каторыя паклалі свае жыцці, вельмі маладыя жыцці, ахвяравалі імі для будучых пакаленняў, для сваёй краіны, для свайго народу, — гэта апрыёры героі. Гэта людзі, якія павінны стаць прыкладамі для кожнага беларуса, — кажа Вадзім Саранчукоў.