25 кастрычніка ў Гродне ўсё ж такі выбралі брэнд горада. Перавагу аддалі праекту брэсцкай студыі “GRAFIT”. Брэнд яшчэ будуць дарабляць. Тым часам у сацсетках ідуць бурныя абмеркаванні. А мы пагаварылі пра брэнд з людзьмі, якія могуць яго ацаніць, і будуць яго прасоўваць.
Мастацтвазнаўца Наталля Паўленка:
– Магу зразумець прычыну выбару – самы неканфліктны (брэнд – аўт.). Просты, ясны, які не патрабуе расшыфроўкі і выразна адпаведны гербу – прамыя асацыяцыі. Моцнае “добра” без прэтэнзій на арыгінальнасць і індывідуальны стыль. Лагатыпы павінны быць прывязаны да найбольш яркіх фактаў горада. Алень – адзін з іх. Крамолы няма, проста гэта самы просты шлях.
Для мяне прынцыпова беларуская мова ці хаця б надпіс лацінкай. Мы запрашаем у памежны горад Беларусі – гэта значыць той, што першы сустракае ў Беларусі. Выкарыстоўваючы рускую мову, мы тым самым даём ідэнтыфікацыю рускай дзяржавы.
Экскурсавод Наталля Храброва:
– Я была на другім туры і слухала ўсіх прэтэндэнтаў. Брэсцкая фірма падышла да пытання прафесійна. Але для мяне асабіста ёсць пытанні, якія з самага пачатку спрэчныя. Па-першае, у гэтым годзе адзначалася 20 гадоў вяртання да гістарычнага герба Гродна. Наш вядомы краязнаўца Алесь Госцеў кажа, што гісторыі пра аленя з крыжам паміж рагамі ёсць у шматлікіх народаў – у Ірландыі, у Расіі і г.д. І таму наш алень, які носіць імя Святога Губерта, – гэта больш міф, які ўзнік у нядаўні час, каб падкрэсліць еўрапейскасць горада. І паколькі сам сімвал герба мае невыразную гісторыю, трансляваць яго зноў мне ўяўляецца няправільным.
Па-другое, жывёла з крыжам паміж рагамі – не ўнікальны герб. Паглядзіце на герб Каунаса- вельмі падобна. А брэнд мае на ўвазе унікальнасць.

З удзельнікаў першага этапу мне больш за ўсё спадабаўся лагатып, дзе намаляваны фрагмент маёлікі Каложскай царквы. Я зразумела, што гэты варыянт не атрымаў падтрымкі, паколькі спрацавала хлуслівая паліткарэктнасць: чаму фрагмент ўпрыгожвання праваслаўнага храма, а не касцёла, або сінагогі або кірхі? Тлумачу, чаму гэта быў бы лепшы выбар. Каложская царква ўнікальная не толькі ў Беларусі, але і ў свеце. Гэта найстаражытны помнік Гродна. Колеры маёлікі – жоўты, карычневы, зялёны- гэта колеры нашага рэгіёну, якія сімвалізуюць жыццё. Жоўты колер- сонца, зялёны – расліны, карычневы – зямлю. І ўся палітра Каложы – гэта аптымізм. Таму выява фрагмента маёлікі – сімвалізавала б не канфесію, а пазітыў жыхароў горада. А слоган брэсцкай фірмы мне спадабаўся.

Мастачка Ірына Варкулевіч:
– Ацэньваць ўзровень графічнага дызайну могуць толькі графічныя дызайнеры. Ні мастацтвазнаўцы, ні экскурсаводы, і вельмі нешматлікія мастакі могуць даць аб’ектыўную ацэнку. Мы ўсе нішавыя спяцы. Працу павінны ацэньваць вузкія спецыялісты, пры чым больш высокага ўзроўню.
Па просьбе Ірыны працу ацаніў маскоўскі дызайнер-графік Аляксей Жучкоў з агенства Leo Burnett. Ён атрымаў некалькі прызоў у Канах. Вось што ён напісаў.
“Весёленькая гаўно-алень, ідэя-та ў чым? Алень і так на гербе ёсць, лепш тады проста герб ставіць. Да таго ж сімвалам горада з’яўляецца не проста алень, а тым больш яго галава, а алень, які скача праз агароджу. Ды і аналагаў сто тышч мільярдаў, ідэі няма. За слоган і назву па-руску наогул з конкурсу здымаць трэба”.
Мастачка Кацярына Забеліна:
– Людзі могуць мець сваё меркаванне. І добра, што маюць. Але тут яны думаюць, што лепш за дызайнераў ведаюць, як трэба. Аднак нікому ў галаву не прыйдзе апераваць самому нагу – усе да хірурга звяртаюцца. А з дызайнам ўсе лепш ведаюць, як трэба, усе раяць. У ідэале, каб камісія экспертаў – дызайнераў, піяршчыкаў – вызначыла, напрыклад, пяць варыянтаў брэнда. А гэтыя пяць варыянтаў далі на ўсеагульнае абмеркаванне.
Па колерах для мяне крыху ярка. Але ў роліку ў двух танах нармальна. Слоган і пасыл мне падабаюцца. Я так адчуваю, як напісана. У гэтым конкурсе не было відавочнага лідэра, які прадставіў нейкую выключную ідэю, нажаль. Шматлікія варыянты былі цікавыя, але асноўная бяда, на мой погляд, – шмат дробных дэталяў, дробнасць.
Мне здаецца, ёсць пэўная праблема ў тым, што мы хапаемся за аленяў, кароны, за мінулае нашага горада. Гэта нядрэнна, але мы не думаем пра тое, які наш горад сёння. А ў лога Беластока гэта ёсць (у ходзе абмеркавання ў соцсетях пачалі дзяліцца ўдалымі лагатыпамі гарадоў – аўт.).

У гэтым кардынальнае адрозненне. Мы бачым свой брэнд з аглядкай на мінулае. Мы не разумеем, які наш горад цяпер і не ведаем, якім мы хочам яго бачыць.


