Польскія настаўнікі, якія ў верасні вымушаныя былі тэрмінова з’ехаць з Беларусі, вярнуліся ў Гродна. Яны атрымалі візы і дазвол на працу.
Настаўнікі Томаш і Малгажата Банашкевіч спачатку не атрымалі дазволу на працу, хаця выканалі ўсе неабходныя фармальнасці. 27 верасня яны мусілі тэрмінова пакінуць Беларусь. Праз месяц яны змаглі вярнуцца і цяпер будуць легальна працаваць у Грамадскай школе імя Стэфана Баторыя пры Саюза палякаў.
Паводле znadniemna.pl, у верасні існавала пагроза, што з Гродна выганяць яшчэ некалькіх настаўнікаў з Польшчы, якія працуюць у школе імя Баторыя і ў грамадскай школе пры Польскай Мацежы Школьнай. У падтрымку настаўнікаў выказаліся не толькі польскія арганізацыі ў Беларусі, але і дыпламаты, а таксама намесніца маршалка Сейма Малгажата Гасеўска, якая 29 верасня наведала Беларусь. У выніку праз некалькі дзён, 3 кастрычніка, стала вядома, што настаўнікі змогуць легальна вярнуцца і працаваць у Гродне.
— Грамадскія школы могуць запрашаць настаўнікаў з Польшчы, бо яны лепш валодаюць мовай, лепш ведаюць канкрэтныя тэрміны. Улічваючы той факт, што ў дзяржаўных школах улады спрабуюць звесці выкладанне польскай мовы да нуля, іх функцыі перайшлі да грамадскіх школаў, — казаў раней пра сітуацыю Анджэй Пачобут, адзін з лідараў Саюза палякаў.