Вось ужо некалькі дзён увага жыхароў раёна прыцягнутая да трагедыі, якая адбылася з 4-гадовай Маргарытай з вёскі Мадэйкі. Жорстка збітая бацькам, пасля некалькіх дзён знаходжання ў рэанімацыі ЦРБ, яна памерла, не прыходзячы ў прытомнасць. Што з яе сястрой, распавядае zelwa.by.

– Дзяўчынка паступіла ў бальніцу позна вечарам у пятніцу ў суправаджэнні бацькі. Дзіця знаходзілася ў стане “клінічнай смерці” – без прытомнасці, не дыхала, – каментуе галоўны ўрач Зэльвенскай ЦРБ Валерый Клімовіч. – У момант транспарціроўкі брыгада хуткай дапамогі спрабавала рэанімаваць дзяўчынку. Аднавіць сардэчнае біццё ўдалося рэаніматолагу ў прыёмным аддзяленні. Стан дзіцяці было настолькі крытычным, што ў тую ж ноч і наступныя дні мы выклікалі абласных спецыялістаў – дзіцячага рэаніматолага і нейрахірурга. Яны і курыравалі гэты выпадак. Але стан не ўдалося палепшыць. І ў нядзелю ўвечары дзяўчынкі не стала.

Па словах галоўнага ўрача, на целе шпіталізаванай меліся множныя сляды ад збіцця.

– Была праведзена судмедэкспертыза. Дакладнае заключэнне будзе гатова на працягу, як паказвае практыка, не менш чатырох тыдняў. Таму папярэдне каментаваць яе ход пакуль не маю права, – паведаміў ён.

Малодшая сястра Маргарыты – трохгадовая Жэня – таксама была агледжана Зэльвенскімі лекарамі.

– Стан яе здароўя апасенняў не выклікаў, – запэўніў Валерый Клімовіч.

Малая зараз знаходзіцца ў дзіцячым прытулку. З ёй працуюць псіхолагі. Спецыялісты адзначаюць, што дзяўчынка адчувае сябе добра. Ідзе на кантакт і з працаўнікамі, і з дзецьмі. Дарэчы, трохгадовая Жэня самая маленькая сярод адзінаццаці дзяцей, якія цяпер выхоўваюцца ў прытулку. IMG_6055.jpg

Як паведаміла загадчыца сектара сацыяльнай і арганізацыйна-кадравай работы аддзела адукацыі Ірына Шабалоўская, прынята рашэнне раённага выканаўчага камітэта аб прадастаўленні дзяўчынцы статусу дзіцяці, якое засталося без апекі бацькоў.

– У сувязі з тым, што яе маці пазбаўлена бацькоўскіх правоў, а бацька зьняволены, мы хадайнічалі перад райвыканкамам аб прыняцці такога рашэння, – каментуе сітуацыю Ірына Шабалоўская. – У выпадку звароту сваякоў па пытанню ўстанаўлення апекі ім будзе растлумачаны парадак працэдуры. У іншым выпадку будзем падбіраць для непаўналетняй замяшчальную сям’ю.

Дадзеная сітуацыя выклікала рэзанансны водгук сярод жыхароў раёна. Неабыякавыя зельвенцы тэлефануюць у сацыяльна-педагагічны цэнтр і прапануюць рознага кшталту дапамогу.

Пералічыць грашовыя сродкі можна на разліковы рахунак №BY 04 АКВВ 3642 5160 0083 3410 0000 “Бягучы рахунак па дабрачынным сродках” з пазнакай “Для сацыяльна-педагагічнага цэнтра”.