Начальнік Гродзенскага філіяла ГП «Белаэранавігацыя» Анатоль Купрашэвіч паведаміў, што ў бліжэйшы час у гродзенскім аэрапорце адкрыюць Duty Free. Ужо ідзе падрыхтоўка да падпісання дагавораў з гандлёвымі кампаніямі, паведамляе grodnonews.by.

— Мы настаялі на адкрыцці крамы бяспошліннага гандлю і атрымалі ў гэтым пытанні поўнае разуменне, — растлумачыў Анатоль Купрашэвіч. — Гродзенскі аэрапорт стане першым сярод іншых рэгіянальных аэрапортаў, хто запусціць такі праект. Працаваць Duty Free будзе пад усе міжнародныя рэйсы — вылеты і прылёты. Геаграфія напрамкаў і пасажырапаток растуць, і заканамерна павінна пашырацца інфраструктура. Ад гэтага нікуды не сыдзеш.

За год тут плануецца здзейсніць больш за сто рэйсаў па папулярных курортных напрамках — Егіпет, Балгарыя, Турцыя, Чарнагорыя, Туніс. Пакуль Гродзенскі філіял «Белаэранавігацыя» выкарыстоўвае не больш за 20 працэнтаў ад сваіх рэальных магутнасцяў. «Мы павялічылі пасажырскія перавозкі ў параўнанні з мінулым годам больш чым у два разы», — распавёў начальнік Гродзенскага філіяла ГП «Белаэранавігацыя» Анатоль Купрашэвіч.

З вясны наступнага года венгерская Wizz Air пачне лётаць па маршруце Будапешт-Мінск. У Міністэрстве транспарту і камунікацый не раз выказвалі зацікаўленасць у тым, каб лоукосты прыйшлі і ў абласныя гарады Беларусі. Перамовы працягваюцца.

Пакуль лоукосты застаюцца пад пытаннем, чартары гатовыя дастаўляць беларусаў ці ледзь не ў любую кропку свету. Напрыклад, на востраў Хайнань. Таксама ў зімовым раскладзе гродзенскага аэрапорта з канца кастрычніка з’явіўся новы рэйс на Хургаду. Асаблівасць яго ў тым, што ў радку «вылет» ўказана начны час.