Кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі ад горадзенскай апазыцыі зарэгістравалі актывіста Вадзіма Саранчукова. Ягоная група падтрымкі сёлета арганізавала Дзень Волі з горадзенскага боку, піша «Радыё С**бода».
Саранчукоў разглядае гэтую выбарчую кампанію як адзін з этапаў каманднай працы горадзенскіх актывістаў на бліжэйшыя 9 гадоў дзеля пазытыўных зьменаў у горадзе і краіне. Так ён разам з камандай хоча падрыхтаваць горад да 900-гадовага юбілею, які Горадня адзначыць у 2028 годзе.
Ад году ўтварэньня каралеўскага гораду ідзе і назва ініцыятыўнай групы, якая падтрымлівае Саранчукова, — «Каманда-28». Вадзім прадстаўляе партыю БНФ, але праца ягонай каманды ня будзе накіраваная на партыйнасьць. Цяпер гэтая група налічвае каля 20 чалавек, сярод іх прадстаўнік арганізацыі «Гавары праўду» Дзьмітры Бандарчук, сябар беларускіх хрысьціянскіх дэмакратаў Сяржук Верамеенка.
«Каманда-28» чакае, што да іх будуць далучацца ня толькі іншыя прадстаўнікі партый і арганізацый, гарадзкія актывісты, але і ўсе ахвотныя гарадзенцы.
На думку Вадзіма Саранчукова, гэтых людзей аб’яднаюць каштоўнасьці, на якіх павінны будавацца супольная праца, разьвівацца горад: «пачынаючы ад самакіраваньня, заканчваючы абуджэньнем актыўнасьці і нацыянальным адраджэньнем».
«Гэта не праграма як такая, што я, Вадзім Саранчукоў, зраблю 17 дваровых пляцовак. Гэта будзе ідэйнае напаўненьне для арганізацыі жыцьця гораду», — тлумачыць кандыдат у дэпутаты.
Прыкладам, закон аб мясцовым самакіраваньні прыняты, але, на яго думку, не працуе ў тым фармаце, у якім павінен.
«Мы б хацелі, каб прадстаўніцтва людзей і ў адміністрацыі гораду, і ў адміністрацыі Беларусі было пачута. Таму мы бяром на сябе функцыю голасу гэтага гораду, які павінен гучаць і які павінны чуць», — кажа Саранчукоў.
Сярод праектаў «Каманды-28» — распрацоўка турыстычнага брэнду Горадні. Іхняя выбарчая кампанія будзе пабудаваная на беларускім альфабэце. Кожны дзень на адну зь літар будуць выбіраць каштоўнасьць, на тэму якой будуць выпускаць матэрыялы і ладзіць абмеркаваньні.