“Паўстанцы” – першая беларуская настольная гульня, пад час якой можна паглыбіцца ў атмасферу 1863 года. Гульня ўпершыню выйшла ў 2013 годзе і адразу набыла папулярнасць, а таксама выклікала хвалю з’яўлення іншых беларускіх настолак. Як адзначаюць аўтары гульні, акрамя забавы яна носіць адукацыйны характар – заахвочвае паглыбіцца ў самы вір паўстання і перапісаць гісторыю.

За шэсць год існавання гульні было сабрана шмат водгукаў, назапашаны стос ідэй – і цягам карпатлівай працы мы можам прадставіць вам другую рэдакцыю “Паўстанцаў”. У перавыданні вас чакае новы дызайн, цікавыя дадаткі і багатае гістарычнае напаўненне, – абяцае Антон Янкоўскі, адзін з распрацоўнікаў гульні.

Стваральнікі збіраюць сродкі на перавыданне дапоўненых “Паўстанцаў”. Можна зрабіць перадзамову гульні, абраць адмысловыя лоты або па-іншаму падтрымаць аўтараў. Да гульні плануюць стварыць два дадаткі і нават аднавіць адзін са значакаў з гербам паўстання, якія ў 1863 годзе насілі як знак грамадзянскай жалобы і падтрымкі паўстанцаў.