Зачынілася кафэ “Містэрыя”. Навучэнцы Гуманітарнага каледжа засталіся без гарачых абедаў

У рэдакцыю Hrodna.life звярнулася гродзенка Алена, якая расказала, што яе дачка і іншыя навучэнцы Гуманітарнага каледжа засталіся без гарачых абедаў. Прыватнае кафэ “Містэрыя”, якое працавала на цокальным паверсе, зачынілася, а наўзамен студэнтам нічога не прапанавалі.

«На адных студэнтах не выцягнем»

Кафэ “Містэрыя” прапрацавала ў гуманітарным каледжы ўсяго два гады. Адкрывалася ўстанова з баямі. Прыватніку давялося прайсці многія інстанцыі, каб запусціць свой праект. Планавалася, што “Містэрыя” ў першай палове дня будзе працаваць як сталовая для студэнтаў, а ў вячэрні час – як кафэ для гараджан. Апошняе рэалізаваць не ўдалося.


Без алкоголя, но с творческой площадкой: в Гродно работает кафе «Мистерия» (а вы и не знали)


«На адных студэнтах мы не выцягнем, таму хочам прыцягваць да сябе гараджан. Але каб працаваць у вячэрні час, трэба прайсці ўсе ўзгадненні. Мы толькі адну шыльду ўзгаднялі амаль паўгода. Алкаголь мы не прадаем, будзем выцягваць кафэ ў вячэрні час фастфудам і мерапрыемствамі», – распавядала у 2018 годзе прадстаўніца кавярні Наталля Бернатовіч.

Нават буфета няма

Як сталовая кафэ не выцягнула і прыватніку прыйшлося зачыніцца перад новым навучальным годам. Студэнты засталіся без гарачых абедаў.

«Кафэ збанкрутавала, а наўзамен нічога. Нават буфета ў навучальнай установе няма, – распавядае чытачка Алена. – І сядзіць моладзь з 8.30 да 15.50 без перапынку на абед. Перапынак дадатковы нават не зрабілі, каб можна было збегаць дзе-небудзь перакусіць».

Гуманитарный колледж на улице Ленина / Гуманітарны каледж на вуліцы Леніна
Гуманітарны каледж на вуліцы Леніна

Навучэнцы з задавальненнем елі ў “Містэрыі”

У навучальнай установе ведаюць пра праблему з харчаваннем і імкнуцца яе вырашыць з пачатку навучальнага года. Але прыватнікі пакуль не хочуць арандаваць былое памяшканне кафэ “Містэрыя”.

«Яшчэ ў верасні мы правялі з бацькамі гутарку і распавялі пра праблему. Прасілі і ў іх дапамогі ў пошуку арандатараў. А з імі цяпер складана, – распавядае дырэктар Гуманітарнага каледжа Наталля Валковіч. – Адкрывалі “Містэрыю” прыватныя асобы і зачыніліся яны з-за праблем. Пра гэта яны нам паведамілі ў канцы жніўня. Мы спрабавалі стварыць ім умовы для працы ў вячэрні час, звярталіся ў Міністэрства адукацыі, але на заканадаўчым узроўні нічога не атрымалася. Шкада. Усе разам мы зрабілі рэальна добрае кафэ і вельмі спадзяваліся, што ўстанова працягне працу. Дзеці з задавальненнем там сілкаваліся».

Пытанне з харчаваннем вырашыцца ў бліжэйшы час

Студэнты каледжа ў стварэнні кафэ “Містэрыя” прымалі непасрэдны ўдзел – дызайн інтэр’еру і назва гэта іх заслугі. Таксама яны прыносілі ў кафэ старыя рэчы для стварэння неабходнай атмасферы.

«Цяпер мы шукаем новых арандатараў. Зацікаўленыя прыватныя асобы прыходзяць і глядзяць памяшканне. Усё ў працэсе. Буфета ў нас пакуль няма, дзеці вымушаныя хадзіць у бліжэйшы магазін або сталовую ўніверсітэта. Калі не знойдзем арандатара на ўласную сталовую, то зробім буфет. Пытанне гэта вырашыцца ў бліжэйшы час», – дадала Наталля Валковіч.

кафе Мистерия Гуманитарный колледж / кафэ Містэрыя Гуманітарны каледж
Інтэр’ер кафэ “Містэрыя”

Ствараюць памяшканне для прыёму ежы

Паводле заканадаўства прафесійна-тэхнічныя навучальныя ўстановы кормяць навучэнцаў. Ім вылучаюць на гэта дзяржаўныя сродкі. Гуманітарны каледж адносіцца да сярэдне-спецыяльных установаў і там навучэнцы атрымліваюць стыпендыю замест харчавання.

У цяперашні час у гуманітарным каледжы ствараюць памяшканне для прыёму ежы для тых, хто прыносіць абеды з сабой.

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Звяртайцеся info@hrodna.life

Каментары

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: