Гродзенец Станіслаў Цыбінскі 5 кастрычніка апынуўся ў незвычайнай сітуацыі. У цэнтры Гродна ён ратаваў курыцу, якая выбягала на дарогу і магла стварыць аварыйную сітуацыю. На дапамогу мужчына выклікаў супрацоўнікаў ДАІ і МНС. Аперацыя па выратаванні птушкі заняла каля дзвюх гадзін.

Са слоў Станіслава, курыца цяпер знаходзіцца ў Пункце часовага ўтрымання безнаглядных жывёл. Але каб яе туды забралі, Станіславу прыйшлося вызвоньваць шматлікія гарадскія службы. Такая незвычайная гісторыя адбылася ў Дзень нараджэння гродзенца.

«Так, сітуацыя незвычайная, але хтосьці павінен быў гэта зрабіць, — распавядае Станіслаў. — Спачатку курыца шпацыравала па Маставой, а пасля стала выбягаць на дарогу. Я спрабаваў яе злавіць, бегаў за ёй і адганяў пад мост. Але птушка ўсё роўна выбягала. Тады я вырашыў патэлефанаваць у МНС і міліцыю. Апошнія накіравалі мяне ў ДАІ. Ніхто не хацеў рэагаваць на мае званкі. Проста смяяліся. Толькі на пяты званок прыехалі супрацоўнікі. Яны сказалі, што гэта не іх справа, але дапамаглі вызваніць службу па адлове жывёл».

Мужчына кажа, што нават «лаўцы» з САГа не жадалі спачатку лавіць курыцу, спасылаючыся на іншую спецыфіку.

«Казалі, што займаюцца катамі і сабакамі. А птушкамі хто зоймецца? Гэта ж чыясьці ўласнасць, тым больш стварае праблему на дарозе. У выніку больш за дзьве гадзіны свайго часу мне прыйшлося выдаткаваць, каб гарадскія службы звярнулі ўвагу на праблему. У выніку „лаўцы“ забралі курыцу ў Пункт часовага ўтрымання безнаглядных жывёл. Паабяцалі, што звяжуцца з мясцовым участковым, які будзе шукаць уладальнікаў птушкі. Агульнымі намаганнямі мы выратавалі курыцу і засцераглі кіроўцаў на дарозе. Спадзяюся, хутка аб’явіцца гаспадар», — дадаў Станіслаў.


Животные ищут дом: собаки и кошки от 2 месяцев до 3 лет

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life