Гродзенскі “Нёман” не змог на сваім стадыёне ўвечары 5 кастрычніка абыграць брэсцкае “Дынама”. У чарговы раз перамога ў “Заходнім дэрбі” засталася за паўднёўцамі.
Для “Нёмана” гульня ў Гродна супраць “Дынама” з’яўлялася самай важнай у сезоне, ды і каманда Кавалевіча разлічвала ўзяць рэванш за разгром у Брэсце, які адбыўся ў першым крузе чэмпіянату. У “Дынама” на матч у Гродне таксама былі свае планы, берасцейцам нельга было губляць ачкі, калі яны хацелі і далей застацца на вяршыні турнірнай табліцы з 5 ачковым атрывам ад БАТЭ.
У выніку “Заходняе дэрбі” завяршылася цяжкай перамогай “Дынама” з лікам 1:0. На 80-й хвіліне адзіны гол у матчы забіў гродзенец Павел Савіцкі. “Нёман” яшчэ раней меў шанец выйсці наперад, але на 51-й хвіліне гаспадары ўпусцілі сваю магчымасць. Гулжыгіт Алыкулаў не рэалізаваў пенальці.
“Нёман” – “Дынама-Брэст” – 0:1
Галоўны трэнер “Нёмана” Ігар Кавалевіч адзначыў, што яго каманду папракнуць няма ў чым.
– Добры матч быў, не заслугоўвалі мы паразы, але маем тое, што маем. Якасную, вельмі добрую гульню мы паказалі, але, на жаль, не рэалізавалі тыя моманты, якія ў нас былі. Індывідуальнае майстэрства футбалістаў Брэста ў завяршальнай стадыі аказалася вырашальным. Мы прайгралі, але каманду папракнуць няма ў чым. Мы прыклалі ўсе сілы. Добрая гульня і параза – трошкі розныя рэчы.






















