У Цэнтры гарадскога жыцця Гародні адкрыліся курсы, на якіх «з нуля» можна навучыцца ўкраінскай мове. На першы занятак завітаў кіраўнік консульства Украіны ў Берасці Анатоль Дыдэнка:
— Наведваць гэтыя курсы могуць усе ахвотныя, як і ўкраінцы, якія маюць украінскія карані, так і мясцовыя жыхары. На гэтых курсах яны змогуць азнаёміцца і з сучаснымі тэндэнцыямі росквіту ўкраінскай мовы. Той, хто раней ведаў і валодаў украінскай мовай, зможа аднавіць у памяці, што раней ведаў. Асаблівая ўвага будзе надзяляцца сучаснаму правапісу ўкраінскай мовы.
Весці курсы для ўсіх ахвотных будзе гарадзенка Наталля Моргун:
— Мы тут вырашылі зрабіць курсы ўкраінскай мовы. Пакуль што людзей мала, але мы запрашаем, каб людзі да нас прыходзілі. Будзем навучацца размаўляць на ўкраінскай мове, спяваць, чытаць вершы, чытаць класічную літаратуру: Шаўчэнку, Катлярэўскага, Лесю Украінку.
Арганізатары курсаў спадзяюцца, што з кожным заняткам у гарадзенцаў будзе павялічвацца жаданне вывучаць украінскую мову. На першы занятак, апроч прадстаўнікоў украінскай грамады, прыйшло толькі 5 ахвотных.