У суботу, 21 верасня, каля паўночы беларускі бок праінфармаваў дзяжурную службу Падляскага памежнага атрада аб магчымым незаконным перасячэнні мяжы невядомымі асобамі. Памежны патруль ва ўказаным месцы выявіў сляды перасячэння мяжы з Беларусі ў Польшчу пяці чалавек, паведамляюць польскія памежнікі.

Праз некалькі гадзін у горадзе Вілянава супрацоўнікі памежнай службы затрымалі трох іншаземцаў. Яшчэ двое былі затрыманыя ў нядзелю раніцай паліцыяным патрулём у Сямятычах. Замежнікаў перадалі супрацоўнікам памежнай службы ў мястэчку Мельнік.

Затрыманыя былі грамадзянамі Ірака, якія незаконна перасеклі мяжу. Замежнікі ва ўзросце 19−26 гадоў мелі пры сабе толькі пашпарты. У ходзе тлумачэння яны прызналі, што перасеклі польска-беларускую мяжу незаконна. Пасля завяршэння неабходных расследаванняў іракскія грамадзяне будуць перададзеныя беларускаму боку.