22 верасня ў гонар Дня без аўтамабіля «ВелаГродна» пры падтрымцы Упраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама правядуць HrodnaRovarFest — велапрабег па вуліцах Гродна.

Паўдзельнічаць можа любы ахвочы з роварам. Арганізатары адзначаюць, што чакаюць на велапрабегу як аматараў, так і каманды ад розных кампаній, арганізацый, прадпрыемстваў і іншых калектываў горада.

Стартуюць веласіпедысты з плошчы Савецкай у 12:00. Маршрут каля 14 км: пл. Савецкая — вул. Маставая — вул. Гарнавых — вул. Савецкіх памежнікаў - вул. Паповіча — вул. Вясновая — вул. Болдзіна — БЛК — вул. Дубко — вул. Дзяржынскага — пл. Леніна — вул. Ажэшкі - вул. Савецкая — пл. Савецкая.

Пасля фінішу ўдзельнікаў чакае забаўляльная конкурсная праграма з прызамі і падарункамі. Плануецца і дзіцячы заезд.

Велапрабег па вуліцах Гродна закрые Еўрапейскі тыдзень мабільнасці (ЕТМ), які праходзіць у Беларусі з 16 па 22 верасня. У гэты перыяд актывісты «ВелаГродна» лічаць велапаркоўкі ў горадзе, глядзяць ці змянілася колькасць веласіпедыстаў у транзітных кропках горада, а таксама шукаюць месцы, дзе паніжаюць бардзюры.