Дэпутаты гарадскога савета Скаржыска-Каменнай (Свентакшыскае ваяводства, паўднёва-усходняя Польшча) вырашылі, што іх горад павінен мець новага пабраціма — ім стане Гродна. Пра гэта паведаміў сайт Echo Dnia.

У Скаржыска ўжо ёсць чатыры гарады-пабрацімы — Стафард у Вялікабрытаніі, Жмерынка ва Украіне, Каварна ў Балгарыі, Фрэнклін Парк у ЗША. Дагэтуль самае інтэнсіўнае супрацоўніцтва польскі горад меў са Жмерынкай.

Палякі плануюць праводзіць з Гродна моладзевыя і культурныя абмены, праграмы абмену досведам па працы гарадскіх службаў і ўрбаністычнага планавання.

— У Гродне выдатны парадак у горадзе, мы можам ад іх некаторым рэчам павучыцца, — сказала чыноўніца гарадскога савету Малгажата Невядомска.

Скаржыска-Каменна гэта цэнтр павету — адпаведнік беларускага райцэнтра. Там жыве 47 тысяч чалавек.